Беларуская Служба

Wspólnota Polska дапамагае палякам, якія ратуюцца ў Польшчы ад рэпрэсій у Беларусі

29.07.2021 14:02
Ужо больш за 50 сямей палякаў рэпрэсіраваных у Беларусі па прыездзе ў Польшчу атрымалі дапамогу ад арганізацыі Wspólnota Polska.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Wspólnota Polska дапамагае палякам з РБ.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Падляшскае аддзяленне таварыства Wspólnota Polska («Польская супольнасць») дапамагае палякам з Беларусі, якія пераязджаюць у Польшчу ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Матэрыяльную дапамогу з 1 чэрвеня атрымалі ўжо больш за 50 сямей. А яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі кансультацыю і дапамогу па перакладзе дакументаў, запаўненні заяў на пастаяннае пражыванне ў Польшчы.

Падляшскае аддзяленне таварыства Wspólnota Polska (у Беластоку) з 1 чэрвеня аказвае дапамогу асобам польскага паходжання, якія ўцякаюць з Беларусі ў Польшчу ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Праект SOS Białoruś – Centrum Pomocy Humanitarnej («SOS Беларусь — цэнтр гуманітарнай дапамогі») будзе ажыццяўляцца да канца года. Ён арыентаваны перш за ўсё на тых прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Праграма таксама падтрымлівае Анжаліку Борыс і Анджая Пачобута, якія ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі.

Падтрымка палякаў з Беларусі, якія пераехалі ў Польшчу, у рамках праекта SOS Białoruś – Centrum Pomocy Humanitarnej уключае сацыяльную дапамогу і дапамогу па адаптацыі і арганізацыі жыцця ў Польшчы, каб даць уцекачам пачуццё бяспекі ў Польшчы, добры пачатак нармальнага жыцця і функцыянавання на захад ад Нёмана і Буга. Дапамога аказваецца як канкрэтным асобам, так і цэлым сем'ям з дзецьмі.

Праект SOS Białoruś – Centrum Pomocy Humanitarnej ажыццяўляецца падляшскім аддзяленнем таварыства Wspólnota Polska разам з фондамі Pomoc Polakom na Wschodzie (“Дапамога палякам ва Усходняй Еўропе”), Wolność i Demokracja (“Свабода і дэмакратыя”). Таксама ў праекце ўдзельнічаюць актывісты Саюза палякаў Беларусі, якія жывуць у Польшчы.

Анна Кетліньская, старшыня падляшскага аддзялення таварыства Wspólnota Polska: Пасля перасячэння беларуска-польскай граніцы перш за ўсё вас чакае каранцін. Наша пагранічная служба накіроўвае ў адпаведныя пункты. Або тыя людзі, якія прыязджаюць, паведамляюць пра месца пражывання і праходжання каранціна.

Калі ў вас ёсць польскія карані, вы можаце звярнуцца да нас. Калі не, то таксама можаце звярнуцца да нас, і мы перанакіруем вас у арганізацыю, якая мае сродкі на дапамогу. У любым выпадку, мы дапаможам.

Сродкі, якія мы маем, прызначаны перш за ўсё на польскую меншасць (з Беларусі. — Рэд.). Але мы нікога не пакідаем у бядзе.

Напрыклад, да нас звяртаюцца людзі з просьбай кампенсаваць кошт пражывання падчас каранціна.

Калі ў вас ёсць карта паляка, то вы можаце адразу шукаць працу. Таксама на падставе карты паляка можна звярнуцца па карту пастаяннага або часовага пражывання.

Шукаем людзям месца пражывання. Шукаем кватэры, аналізуем фінансавыя магчымасці чалавека, які да нас звярнуўся.

Калі ўжо кватэра знойдзена, то мы такога чалавека падтрымліваем фінансава на працягу аднаго-трох месяцаў, аплачваючы наём кватэры, пакуль ён не знойдзе працу.

Дапамагаем у запаўненні дакументаў.

Нашы супрацоўніцы — асістэнты эмігрантаў ведаюць, куды звяртацца па розных пытаннях. Яны ходзяць, звоняць у школы, упраўленні працы, ваяводскае ўпраўленне, падказваюць, як і куды звяртацца.

Мы дапамагаем з атрыманнем прышчэпкі, калі чалавек не вакцынаваны.

Мы дапагаем тым, хто не ведае, з чаго пачаць жыццё ў Польшчы, якія напалоханы той сітуацыяй, у якой яны апынуліся.

Вельмі часта тыя, хто да нас прыязджае, прымаюць такое рашэнне раптоўна. Яны прыязджаюць толькі з самымі патрэбнымі рэчамі, з адным чамаданам, пакідаючы ўвесь свой скарб за граніцай. Мы стараемся ім дапамагчы як у маральным, арганізацыйным, так і ў фінансавым плане. Мы дапамагаем ім таксама тым, што купляем ежу, адзенне, найбольш патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

Таксама мы падтрымлівалі студэнтаў, якія да нас звярталіся і якім трэба было здаць экзамен па польскай мове. Мы дапамагалі ім арганізацыйна.

Цяпер дзеці з сямей, якія прыехалі ў Беласток, маюць магчымасць паглыблення сваіх ведаў польскай мовы: яны ўдзельнічаюць у занятках, якія арганізаваны ў залежнасці ад іх ведаў настаўнікамі, якія выкладаюць польскую мову як замежную.

Мы дапамагалі сем’ям па ўладкаванні дзяцей у дзіцячыя сады. Мы стараліся знайсці месцы ў дзіцячых садах, дапамагалі ў афармленні дакументаў.

Усе, хто да нас прыязджае, атрымлівае нашу дапамогу.

У падляшскім аддзяленні таварыства Wspólnota Polska ўсведамляюць, што ў сувязі з эскалацыяй рэпрэсіўных дзеянняў улад Беларусі ў дачыненні да грамадства і палякаў у Беларусі, колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе пасля эміграцыі ў Польшчу, будзе расці.

Анна Кетліньская, старшыня падляшскага аддзялення таварыства Wspólnota Polska: Наша дапамога накіравана не асобам, якія па эканамічным меркаваннях эмігрыруюць у Польшчу. Наша дапамога адрасавана перш за ўсё тым, хто быў вымушаны з’ехаць з уласнай краіны. І мы робім усё, каб іх не пакінуць самім сабе.

Я хацела б напомніць, што нашу дапамогу атрымліваюць жанчыны, якія былі зняволены ў беларускіх турмах — спадарыня Бярнацкая, спадарыня Цішкоўская, спадарыня Панішава (члены Саюза палякаў Беларусі. — Рэд.). Яны з’яўляюцца прыкладам тых, хто адчуў моцныя рэпрэсіі.

Да нас перш за ўсё павінны трапляць людзі, якія патрабуюць дапамогі як рэпрэсіраваныя асобы.

Мы ведаем, што палітычная сітуацыя ў Беларусі складаная. І мы, з’яўляючыся таварыствам, якое атрымлівае дапамогу ад урада, робім усё, што ў нашых сілах, каб дапамагчы як мага большай колькасці асоб.

Не ідзе размова пра тое, каб дапамагаць усім, хто прымае ўдзел у маніфестацыях, рэпрэсіраваны. Мы не можам дапамагчы ўсім, бо маем абмежаваныя сродкі. Але мы стараемся зрабіць так, каб дапамогу атрымала як мага большая колькасць людзей — у залежнасці ад таго, наколькі нам хопіць фінансавых сродкаў.

Але таксама трэба памятаць, што паводле абяцанняў, якія гучалі з боку органаў мясцовага самакіравання ў Польшчы, і з боку палітычных улад краіны, тыя, хто быў рэпрэсіраваны ў Беларусі, не застанецца без дапамогі.

Мы дапамагаем людзям штодзённа. Яны ведаюць, што могуць да нас звярнуцца з рознымі праблемамі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

«Мірны дом» з'яўляецца адзіным бясплатным прытулкам для бежанцаў з Беларусі ў Варшаве

06.05.2021 10:03
Фонд імя Славы і Ізэка Валасяньскіх Humanosh стварыў «Мірны дом» — хостэл для тых, кто ўцёк з Беларусі ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі.