Кіраўнік МЗС Германіі Аналена Бербак прыбыла ў панядзелак з візітам ва Украіну, дзе будзе размаўляць, між іншым, аб энергетычнай дапамозе ў зімовы перыяд і ўмацаванні абароны ад расійскіх паветраных нападаў.
Нямецкая дыпламатка прыехала ў Кіеў дзявяты раз з пачатку адкрытага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года, адзначае агенцтва «Інтэрфакс-Украіна». СМІ паведамлялі, што Бербак прыехала ва ўкраінскую сталіцу начным цягніком з Польшчы.
Як гаворыцца ў заяве МЗС у Берліне, нямецкая міністр «хоча правесці палітычныя перамовы і сустрэцца з украінцамі, якія амаль 1000 дзён гераічна абараняюць будучыню і бяспеку сваёй краіны».
«Мы супрацьстаім гэтаму зверству сваёй гуманнасцю і падтрымкай — каб украінцы не толькі перажылі зіму, але каб выжыла іх краіна. Бо яны таксама абараняюць свабоду ўсіх нас у Еўропе», — сказала Бербак.
У МЗС Германіі растлумачылі, што адным з элементаў пабудовы «зімовага шчыта» Украіны будзе ўмацаванне яе абароназдольнасці ад расійскіх паветраных нападаў. У міністэрстве таксама падкрэслілі, што мэтай дзеянняў расійскага лідара Уладзіміра Пуціна з’яўляецца далейшае аддаленне Украіны ад яе еўрапейскіх суседзяў.
«Гэты план не працуе. Наадварот, Украіна ўжо правяла важныя рэформы. Еўракамісія прызнае гэты прагрэс у сваёй справаздачы аб пашырэнні. Гэта адна з прычын, чаму міністр замежных спраў цяпер едзе ў Кіеў, каб запэўніць украінцаў, што Германія будзе працягваць цесна суправаджаць іх на іх рашучым шляху ў ЕС», — заявіла нямецкая дыпламатычная служба.
ав