Дзякуючы газеце сталі вядомыя падрабязнасці «мірнага плана» абранага прэзідэнта. Канцэпцыя прадугледжвае перадачу Расіі часткі ўкраінскіх тэрыторый і адмову Кіева ад уступлення ў НАТА, піша амерыканская газета са спасылкай на трох блізкіх дарадцаў палітыка.
— Мы не пасылаем амерыканцаў падтрымліваць мір ва Украіне і не будзем за гэта плаціць. Хай гэта робяць палякі, немцы, брытанцы і французы, - кажа суразмоўца амерыканскага штодзённіка.
«План прадугледжвае замарожванне канфлікту на цяперашняй лініі фронту і стварэнне 800-мільнай (амаль 1300 км — заўв. рэд.) дэмілітарызаванай зоны. Пакуль незразумела, хто будзе ахоўваць гэтую тэрыторыю, але амерыканскія сілы ў місію ўключаны не будуць і не будуць гэта фінансаваць», — чытаем у артыкуле.
Аднак ЗША маюць намер даць Украіне зброю для стрымлівання будучай расійскай атакі. План таксама прадугледжвае, што ў Расіі застанецца каля 20 працэнтаў тэрыторыі Украіны, ужо акупаваная войскамі агрэсара.
Журналісты адзначаюць, што Дональду Трампу таксама быў прадстаўлены і іншы план. Ён прадугледжвае прыпыненне паставак зброі Кіеву да таго часу, пакуль Украіна не пагодзіцца на мірныя перамовы з Расіяй.
«Украіна яшчэ можа паспрабаваць вярнуць страчаныя тэрыторыі, але рабіць гэта прыйдзецца праз дыпламатычныя перамовы», — піша «WSJ».
Дональд Трамп падчас перадвыбарчай кампаніі заявіў, што спыніць вайну ва Украіне. Аднак пакуль незразумела, як менавіта ён плануе гэта зрабіць. У сваіх публічных заявах новы прэзідэнт ЗША пазбягае канкрэтыкі адносна таго, калі і як ён збіраецца весці перамовы з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім.
Украінскі лідар неаднаразова казаў, што Украіна не гатовая страціць Крым і Данбас у імя спынення агню і міру.
Onet.pl/ав