Беларуская Служба

Украіна адпрэчыла міжнародныя гарантыі, якія замяняюць сяброўства ў НАТА

03.12.2024 10:39
Украіна загадзя адмаўляецца ад любых фарматаў, якія замяняюць сяброўства ў альянсе. 
  .
Прэзідэнт Украіны Ул. Зяленскі PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Кіеў перад адкрыццём пасяджэння Рады НАТА-Украіна ў Бруселі адхіліў любыя гарантыі бяспекі, акрамя паўнапраўнага членства ў Паўночнаатлантычным альянсе, гаворыцца ў заяве МЗС Украіны,   – у аўторак, 3 снежня.

«Мы перакананы, што адзінай рэальнай гарантыяй бяспекі для Украіны, а таксама стрымліваючым фактарам для далейшай агрэсіі Расіі супраць Украіны і іншых дзяржаў, з'яўляецца толькі паўнапраўнае членства Украіны ў НАТА», – падкрэсліваецца ў  афіцыйным дакуменце.

Украіна загадзя адмаўляецца ад любых фарматаў, якія замяняюць сяброўства ў альянсе. «Маючы за плячыма горкі вопыт Будапешцкага мемарандума, мы не прымем ніякія альтэрнатывы, сурагаты або заменнікі паўнапраўнага членства Украіны ў НАТА», – адзначаецца ў  заяве МЗС Украіны.

Знешнепалітычнае ведамства Украіны звяртаецца да «ЗША і Вялікабрытаніі, якія падпісалі Будапешцкі мемарандум, да Францыі і Кітая, якія да яго далучыліся, да ўсіх дзяржаў-удзельніц Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі», з заклікам палітычна падтрымаць запрашэнне Украіны ў НАТА ўжо зараз, што стане «дзейсным супрацьдзеяннем расійскаму шантажу».

МЗС Украіны называе Будапешцкі мемарандум «помнікам недальнабачнасці ў прыняцці стратэгічных рашэнняў па бяспецы» і зазначае, што «развіццё еўрапейскай архітэктуры бяспекі за кошт інтарэсаў Украіны, а не з іх улікам, асуджана на правал».

dw/эж