Беларуская Служба

СБУ выявіла «найбуйнейшую сетку расійскіх агентаў»

17.12.2024 18:12
Больш за ўсё шпіёнскую сетку цікавілі перакінутыя Украіне знішчальнікі F-16.
Вайскоўцы ў Данецкім рэгіёнеPAP/EPA/MARIA SENOVILLA

Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла ў Тэлеграме ў аўторак, што выявіла «найбуйнейшую сетку расійскіх агентаў», якая дзейнічае на поўначы і поўдні краіны. Затрымана 12 шпіёнаў. Больш за ўсё шпіёнскую сетку цікавілі перакінутыя Украіне знішчальнікі F-16.

Агенты перадавалі расійскім службам інфармацыю пра ўкраінскія сістэмы супрацьпаветранай абароны і імаверныя размяшчэнні сакрэтных аэрадромаў, на якіх базуюцца F-16.

Шпіёны адначасова дзейнічалі ў пяці рэгіёнах Украіны, паведамілі ў СБУ. «Частка выкрытых агентаў — дэзерціры, якія самавольна пакінулі войска. Яны былі завербаваныя расійскімі спецслужбамі падчас хавання ад правасуддзя», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Агенты дзейнічалі індывідуальна, а іх начальнік знаходзіўся ў Днепрапятроўскай вобласці.

Як паведамляе Gazeta.ua, контрразведка затрымала арганізатара шпіёнскай ячэйкі і яго ключавых саўдзельнікаў. Падчас ператрусаў былі канфіскаваныя мабільныя тэлефоны, носьбіты інфармацыі, ваенныя дакументы і фальшывыя пасведчанні.

Зламыснікам пагражае пакаранне ад васьмі гадоў да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

ав