Беларуская Служба

Хакеры атакавалі дзяржрэестры Украіны, рэзервовыя копіі якіх знаходзіліся на серверах у Польшчы

20.12.2024 15:51
Моцная кібератака расійскіх хакераў прыпыніла працу ключавых сістэм з дзяржрэестрам ва Украіне. Хакеры сцвярджаюць, што знішчылі ўсе дадзеныя, да якіх мелі доступ, у тым ліку рэзервовыя копіі на серверах у Польшчы
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Gorodenkoff

Віцэ-прэм'ер-міністр і міністр юстыцыі Украіны Вольга Стэфанішына заявіла, што кібератака прывяла да часовага прыпынення дзейнасці Адзіных і Дзяржаўных рэестраў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні яе міністэрства. Было ўстаноўлена, што атака была арганізаваная расійскімі хакерамі з мэтай парушыць працу ключавых дзяржаўных службаў.

«Цяпер мы разам з камандай і спецыялістамі іншых службаў каардынуем намаганні па супрацьдзеянні кібератацы і аднаўленню сістэм. Ужо відавочна, што атака была ажыццёўлена расіянамі з мэтай парушыць працу крытычнай інфраструктуры краіны», —  сказала Стэфанішына.

Расіяне атакавалі рэестры актаў грамадзянскага стану і нерухомасці, а таксама рэестр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Для аднаўлення нармальнай працы гэтых службаў спатрэбіцца два тыдні.

Хакеры, якія ўзялі на сябе адказнасць за атаку, сцвярджаюць, што скралі і выдалілі больш за 1 мільярд радкоў дадзеных, у тым ліку звестак, якія захоўваюцца ў Польшчы. 

Найбуйнейшая кібератака на ўкраінскія дзяржрэестры рыхтавалася некалькі месяцаў, паведаміла Служба бяспекі Украіны. У СБУ дадалі, што не могуць паведаміць падрабязнасці аб падрыхтоўцы гэтай аперацыі.

Паведамлялася, што па факце кібератакі ўзбуджана крымінальная справа, за атакай можа стаяць хакерская групоўка расійскай ваеннай выведкі.

Цяпер работа ўсіх рэестраў прыпыненая. У СБУ не змаглі адказаць, ці меў праціўнік доступ да інфармацыі з рэестраў.

Паводле pravda.com.ua/вх