Беларуская Служба

УСУ пасля сямі месяцаў баёў выходзяць з Курскай вобласці

21.03.2025 14:31
На дадзены момант украінская армія кантралюе менш за 100 квадратных кіламетраў расійскай тэрыторыі ў гэтым рэгіёне.
Аўдыё
  • Завяршаецца ўкраінская аперацыя ў Курскай вобласці
Ілюстрацыйнае фотаEPA/RUSSIAN DEFENCE MINISTRY Dostawca: PAP/EPA.

Украінскія войскі нечакана для Масквы ўвайшлі ў Курскую вобласць 6 жніўня 2024 года. Так пачалася Курская аперацыя УСУ, якую ў Кіеве назвалі сродкам прымусу для Крамля, каб той пачаў перакідваць частку сваіх сілаў з акупаванага Данбасу на ўсходзе Украіны ў гэты рэгіён. Пасля 7 месяцаў аперацыя завяршаецца. На дадзены момант Кіеў кантралюе менш за 100 квадратных кіламетраў расійскай тэрыторыі ў гэтым рэгіёне.

Уварванне Узброеных сіл Украіны ў Курскую вобласць, паволі завяршаецца пасля 7 месяцаў баёў. На пачатку бягучага месяца (дакладна 11 сакавіка) расійскія падраздзяленні ўвайшлі ў горад Суджу, украінцы адступілі, пад іх кантролем застаецца невялікая частка расійскай тэрыторыі: шэраг невялікіх населеных пунктаў у памежнай зоне.

Гэта вынікае са звестак аналітыкаў, якія сочаць за сітуацыяй на фронце. Пры гэтым інфармацыя аб тым, што ўкраінскія войскі там акружаныя расіянамі, не пацвярджаецца.  Падрабязней распавядае карэспандэнт Польскага радыё ў Кіеве Павал Бушко.

— Партал Deep State паведаміў, што ў Курскай вобласці расіяне ў чарговы раз прасунуліся на Захад на некалькі кіламетраў у бок мяжы з Украінай. На дадзены момант украінская армія кантралюе каля 100 км2 расійскай тэрыторыі. На пачатку Курскай аперацыі летам мінулага году было 1300 км2. Прысутнасць украінскіх войск на тэрыторыі РФ – гэта вялізарная праблема для Пуціна. Ён не хоча перамір’я пакуль украінскія войскі застаюцца ў Курскай вобласці. У сваю чаргу ўкраінскае кіраўніцтва кажа пра тое, што няма атачэння ў Курскай вобласці тысяч украінскіх жаўнераў.  

Курская аперацыя УСУ пачалася на пачатку жніўня мінулага году, калі раніцай 6 жніўня калоны вайсковай тэхнікі УСУ перасеклі расійскую мяжу ў Суджанскім і Карэнеўскім раёнах. Да пачатку верасня ўкраінская армія кантралявала больш за тысячу квадратных кіламетраў Курскай вобласці.

У сярэдзіне верасня УС РФ пачалі першы вялікі контрнаступ на пазіцыі ўкраінскай арміі ў Курскай вобласці. У першай палове кастрычніка расіяне правялі другую хвалю контрнаступу. У выніку зона кантролю ўкраінскай арміі ў Курскай вобласці скарацілася да 600 квадратных кіламетраў.

Пры канцы лістапада мінулага году расійская армія ўзяла пад свой кантроль яшчэ 100 км2 тэрыторыі, а ўкраінскія часці засталіся толькі ў Суджанскім раёне.

Чарговы этап наступу на ўкраінскі плацдарм у Курскай вобласці расіяне пачалі 8 сакавіка. Міністэрства абароны Расіі заявіла, што ўзяло пад кантроль Суджу 13 сакавіка. 16 сакавіка гэтую інфармацыю паувердзіў Генеральны штаб УСУ, апублікаваўшы  мапу аперацыі ў Курскай вобласці, на якой горад Суджа пазначаны па-за кантролем украінскага войска.

Што паказальна галоўнай сілай цяперашняга расійскага наступу ў Курскай вобласці стала брыгада адказна за ранейшыя зверствы ў Кіеўскай вобласці, кажа аглядальнік Украінскай рэдакцыі Польскага радыё Аляксандр Паціха.

— Сярод сіл, якія праводзяць наступ, адна з самых ключавых брыгад – 155 Ціхаакіянскага флоту. Яна была на першым этапе вайны ў Кіеўскай вобласці ў 2022-м годзе. Сярод жаўнераў гэтай брыгады было і ёсць вялікая колькасць колішніх грамадзян Украіны, якія ў 2014-м годзе перайшлі на службы да Расійскай Федэрацыі. Яны панеслі вялізарныя страты. Іх перакамплектавалі і цяпер іх кінулі Курскую вобласць. Пад Кіевам яны былі адказныя за зверствы, і цяпер у Курску яны вызначаюцца тым, што забіваюць ды катуюць палонных украінскіх жаўнераў.

Выхад украінскіх вайскоўцаў з расійскай Курскай вобласці не азначае паразу ўкраінскай арміі, лічыць украінскі вайсковы экспарт Іван Ступак. На думку адмыслоўца, прысутнасць украінскай арміі ў Курскай вобласці ўжо паўгоду тлумачыцца палітычнай, а не ваеннай мэтазгоднасцю.

— Першы месяц аперацыя прайшла паспяхова. Украінскі бок добра згуляў, зняважыўшы расійскую армію. Пазней, я думаю, лепш было б у прысутнасці СМІ зняць украінскі сцяг з будынкаў у Суджы і выйсці, каб паказаць, што ўкраінцы не акупанты і ім не патрэбна расійская тэрыторыя, што яны зрабілі гэта толькі дзеля таго, каб нанесці ўдар па Расійскай Федэрацыі.

 Іван Ступак лічыць, што адыход з Курскай вобласці дазволіць украінскаму войску засяродзіцца на абароне стратэгічна важных раёнаў на ўсходзе Украіны.

Уварванне ўкраінскага войска ў Курскую вобласць стала першай ваеннай аперацыяй пад украінскімі сцягамі на тэрыторыі РФ. Да гэтага наземныя баявыя дзеянні ў прыгранічных расійскіх рэгіёнах праходзілі толькі ў форме рэйдаў.

Юры Ліхтаровіч