Статус акупаваных Расіяй украінскіх рэгіёнаў з'яўляецца ключавым пытаннем ва ўрэгуляванні вайны ва Украіне, заявіў спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стывен Уіткаф у інтэрв'ю блогеру Такеру Карлсану.
«Я думаю, што самая вялікая праблема ў гэтым канфлікце — гэта так званыя чатыры рэгіёны: Данбас, Крым, вы ведаеце назвы — Луганск і яшчэ два. Гэта рускамоўныя рэгіёны, там праводзіліся рэферэндумы, на якіх пераважная большасць людзей выказала жаданне быць пад кантролем Расіі. Я думаю, што гэта ключавое пытанне ў канфлікце», — сказаў Уіткаф, якога цытуе Радыё Свабода.
Паводле яго слоў, гэтыя тэрыторыі дэ-факта знаходзяцца пад кантролем Расіі, і галоўная дыскусія ў тым, ці прызнае іх свет расійскімі. Украіна і краіны Захаду не прызналі маніпулятыўныя рэферэндумы на акупаваных Расіяй тэрыторыях.
«Гэта слон у пакоі. Гэта канстытуцыйныя пытанні ўнутры Украіны аб тым, што яны могуць саступіць, калі справа даходзіць да адмовы ад тэрыторый. Расіяне дэ-факта кантралююць гэтыя тэрыторыі. Пытанне ў тым, ці прызнае свет, што гэта расійскія тэрыторыі? Ці зможа Зяленскі выжыць палітычна, калі прызнае гэта? Гэта цэнтральнае пытанне канфлікту. Безумоўна», — лічыць ён.
У верасні 2022 года Расія правяла так званыя рэферэндумы на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласцей Украіны. Яны праходзілі пад кантролем расійскіх войскаў, без міжнароднага кантролю і са шматлікімі паведамленнямі аб прымусе і фальсіфікацыях. Міжнародная супольнасць, у тым ліку ААН і ЭЗ, прызнала гэтыя «рэферэндумы» незаконнымі і такімі якія не маюць юрыдычнай сілы.
У 2014 годзе Расія арганізавала рэферэндумы ў Крыме і на частцы Данбасу. Іх вынікі таксама не прызнаныя Украінай і міжнароднай супольнасцю.
Уіткаф таксама заявіў, што канчатковай мэтай цяперашняга этапу перамоваў паміж ЗША, Украінай і Расіяй з'яўляецца дасягненне 30-дзённага спынення ваенных дзеянняў. Паводле Уіткафа, у гэты перыяд бакі плануюць абмеркаваць умовы поўнага спыненьня вайны.
Уіткаф, які сустракаўся з Пуціным у Маскве, дадаў, што настроены аптымістычна і лічыць, што ЗША здольныя паспрыяць прымірэнню бакоў.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ў панядзелак, 24 сакавіка, у Саудаўскай Арабіі адбудзецца сустрэча дэлегацый Украіны і ЗША. Паводле яго слоў, гэтая сустрэча будзе прысвечаная абмеркаванню тэхнічных аспектаў частковага спынення агню, у прыватнасці, што тычыцца інфраструктуры, энергетычнай і навігацыйнай бяспекі.
Таксама вядома, што на 24 сакавіка ў Эр-Рыядзе запланаваныя перамовы паміж дэлегацыямі Расіі і ЗША. Пра гэта паведаміў памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў.
18 сакавіка лідары ЗША і Расіі Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін правялі амаль двухгадзінныя тэлефонныя перамовы. Паводле Белага дома, бакі дамовіліся, што рух да міру пачнецца з «энергетычнага і інфраструктурнага спынення агню, а таксама тэхнічных перамоваў аб выкананні ваенна-марскога перамірʼя ў Чорным моры, поўнага спынення агню і ўсталявання пастаяннага міру».
На наступны дзень адбылася размова Трампа з Зяленскім. Пасля перамоваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Вашынгтон абвясціў аб сумесных намаганнях па спыненні вайны і дасягненні міру.
вх