Паводле падлікаў украінскай няўрадавай даследчай арганізацыі Center For Economic Strategy (CES), напрыканцы лістапада 2024 году з-за вайны за мяжой знаходзіліся 5,2 мільёна грамадзян Украіны, пераважная большасць з якіх пражывала ў краінах Еўрасаюзу – паведамляе Польскі эканамічны інстытут.
Больш за 4,2 мільёна грамадзян, якія ўцяклі з Украіны ў выніку расійскай агрэсіі, маюць статус абароны ў ЕС.
Больш за ўсё выхадцаў з Украіны пад абаронай засталося ў Германіі - 27,2 працэнтаў, 23,3 працэнты — у Польшчы, у Чэхіі - 9,1 працэнтаў. У канцы 2024 года ў ЗША пражывала 5,4 працэнтаў усіх бежанцаў з Украіны, а ў Канадзе і ЗША разам узятых - менш за 10 працэнтаў.
У Інстытуце адзначылі, што расце колькасць людзей, якія не плануюць вяртацца ва Украіну, і змяншаецца колькасць тых, хто заяўляе, што вернецца. Калі ў лістападзе 2022 года ва Украіну не планавалі вяртацца 10,1% бежанцаў, у снежні 2024 года гэты працэнт быў у тры разы большы і склаў 33,4 працэнта. Цяпер упершыню менш за палову бежанцаў (43%) заявілі, што плануюць вярнуцца на радзіму. У лістападзе 2022 года амаль 75% людзей заявілі аб вяртанні.
Больш за тое, кожны чацвёрты ўкраінец і кожная пятая ўкраінка разглядаюць магчымасць эміграцыі пасля заканчэння вайны. Падлічана, што ў Польшчу можа прыехаць больш за мільён украінцаў. Больш за ўсё з Украіны з'язджае маладое пакаленне - кожны трэці ва ўзросце 18-29 гадоў выказаў жаданне з'ехаць. Цяжкія ўмовы жыцця і адсутнасць стабільнасці прымушаюць многіх украінцаў задумвацца аб эміграцыі.
PAP/юл