Беларуская Служба

Украіна атрымала першую звышсучасную гаўбіцу RCH 155

13.01.2025 17:10
Украіна стане першым у свеце аператарам гэтай зброі. 
   RCH 155
Самаходная артылерыйская ўстаноўка RCH 155 нямецкай вытворчасці крыніца: commons.wikimedia.org/knds.de/CC BY 4.0

Германія перадала Украіне першую самаходную артылерыйскую ўстаноўку RCH 155 на колавай базе. Пра гэта паведамляе «Карэспандэнт» у панядзелак, 13 студзеня.

У сімвалічнай цырымоніі ў Касэлі прынялі ўдзел міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус і ўкраінскі пасол у Германіі Аляксей Макееў. 

«Украіна можа на нас разлічваць, і гэта сігнал. І Германія гатовая ўзяць на сябе адказнасць у Еўропе»,  — заявіў Пісторыус. 

Першыя шэсць САУ першапачаткова застануцца ў Германіі і будуць выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў. Агулам Кіеў атрымае 54 RCH 155. Украіна стане першым у свеце аператарам гэтай зброі. 

RCH 155 — гэта сучасная самаходная артылерыйская ўстаноўка, распрацаваная нямецкім канцэрнам Krauss-Maffei Wegmann. САУ ўзброеная 155-мм гаўбіцай з аўтаматычнай падзарадкай, якая здольная весці агонь на адлегласць да 54 км. Згаданая зброя адрозніваецца высокай дакладнасцю і хуткасцю стральбы (да 9 стрэлаў за хвіліну) ды магчымасцю вядзення агню з дыстанцыйнага кіравання без удзелу экіпажа, які складаецца толькі з двух чалавек.

RCH 155 — першая ў свеце самаходная артылерыйская ўстаноўка, якая можа весці агонь падчас руху.

вс