Беларуская Служба

Няма дамоўленасці, як будзе выглядаць спыненне агню — што прынёс лонданскі нефармальны самі па Украіне

03.03.2025 14:33
Заходнія саюзнікі загаварылі пра магчымасць адправіць ва Украіну міратворчую місію пасля спынення агню. Якія вынікі лонданскай сустрэчы лідараў краін ЕС, Уладзіміра Зяленскага і кіраўніка НАТА?
Аўдыё
  • Кіраўнік НАТА Марк Рутэ заявіў, што калі паміж Расіяй і Украінай будзе дасягнутае пагадненне аб спыненні агню, Еўропа мусіць скіраваць туды міратворцаў, каб бачыць, што ўмовы выконваюцца.
                 , , 2  2025 .
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб абдымае прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага падчас нефармальнага саміту па Украіне ў Лондане, Вялікабрытанія, 2 сакавіка 2025 г. PAP/EPA/JAVAD PARSA NORWAY OUT

Генеральны сакратар НАТА не выключае міратворчую місію ва Украіне пасля спынення агню, а Вялікабрытанія і Францыя пацвярджаюць гатоўнасць накіраваць міратворчы кантынгент ды правесці частковае перамір'е на адзін месяц. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон таксама прапанаваў пашырыць ядзерны парасон на іншыя еўрапейскія краіны.

Брытанскі прэм'ер-міністр Кейр Стармер пасля саміту абвясціў пра стварэнне «кааліцыі жадаючых» для мірнай місіі ва Украіне: «Мы створым кааліцыю жадаючых, якая будзе абараняць палажэнні будучага мірнага пагаднення ва Украіне і гарантаваць мір. Не ўсе краіны на гэта пагодзяцца, але мы не можам сядзець склаўшы рукі».

Кейр Стармер таксама абвясціў аб новай дамове, згодна з якой Украіна атрымае падтрымку ў памеры 1,6 мільярда фунтаў стэрлінгаў.

Брытанскі прэм'ер патлумачыў, што новы пакет накіраваны на ўмацаванне пазіцый Украіны:

«Сёння я аб'яўляю аб новай дамове, якая дазволіць Украіне выкарыстаць 1,6 мільярда фунтаў стэрлінгаў экспартнага фінансавання Вялікабрытаніі, каб купіць больш за 5000 зенітных ракет, якія будуць вырабляцца ў Белфасце, ствараючы працоўныя месцы ў нашым выдатным абаронным сектары. Гэта будзе мець вырашальнае значэнне для абароны найважнейшай інфраструктуры цяпер і пашырэння магчымасцей Украіны для забеспячэння міру, калі ён наступіць».

Кіраўнік НАТА Марк Рутэ заявіў, што калі паміж Расіяй і Украінай будзе дасягнутае пагадненне аб спыненні агню, Еўропа мусіць скіраваць туды міратворцаў, каб бачыць, што ўмовы выконваюцца:

— Калі будзе заключана мірнае пагадненне, Еўропа павінна быць гатовая і адыграць важную ролю ў забеспячэнні яго выканання. Калі мы хочам пераканацца, што Пуцін больш ніколі не нападзе на Украіну пасля падпісання пагаднення аб спыненні агню, еўрапейцам трэба будзе быць ва Украіне, каб пераканацца, што гэты мір дзейнічае.

Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо таксама не выключыў адпраўкі міратворчых сіл ва Украіну, але пакуль гэта выключна тэарэтычнае пытанне.

Разам з тым часовае перамір'е на адзін месяц — гэта пакуль толькі словы. Францыя і Вялікабрытанія не змаглі дасягнуць пагаднення па гэтай тэме,  заявіў у намеснік міністра абароны Вялікабрытаніі Люк Полард у інтэрв'ю радыё BBC.

«Не было дамоўленасці аб тым, як будзе выглядаць гэтае спыненне агню (...), але разам з Францыяй і (іншымі) еўрапейскімі саюзнікамі мы працуем над тым, каб пракласці шлях для трывалага міру ва Украіне», — сказаў Полард.

«Шэраг варыянтаў на стале (...), але месячнае перамір'е не было ўзгоднена».

У інтэрв'ю Le Figaro, апублікаваным у нядзелю, Макрон заявіў, што Парыж і Лондан узгаднілі прапанову аб месячным спыненні агню паміж Расіяй і Украінай.

Першапачаткова рэжым спынення агню не будзе распаўсюджвацца на наземныя баявыя дзеянні, а толькі на сутыкненні «ў паветры, на моры і (атакі на) энергетычную інфраструктуру», нагадвае агенцтва AFP.

Намеснік міністра абароны Вялікабрытаніі Люк Полард, аднак, падкрэсліў, што кароткае перамір'е неабавязкова прывядзе да трывалага міру і можа даць расійскім войскам час аднавіцца, пераўзброіцца, перагрупавацца і зноў атакаваць.

Непасрэдна перад нядзельным самітам лідараў па Украіне ў Лондане прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер абвясціў, што Парыж і Лондан працуюць над планам спынення баявых дзеянняў

Прадказальна, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Еўропа мусіць дбаць пра сваю абароназдольнасць і рыхтавацца да горшага. Паводле яе меркавання, цяпер   важна павялічваць інвестыцыі ў абарону ў доўгатэрміновай перспектыве. Адпаведны план дзеянняў Еўракамісія прадставіць бліжэйшым часам:

Мы ўсе разумелі, што пасля доўгага перыяду недаінвеставання вельмі важна павялічыць інвестыцыі ў абарону ў доўгатэрміновай перспектыве. Гэта дзеля бяспекі Еўрапейскага саюза, і мы павінны быць падрыхтаваны да горшага ў геастратэгічным асяроддзі, у якім мы жывём. Таму трэба павялічваць інвестыцыі ў абарону.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў нефармальны саміт у Лондане гістарычнай сустрэчай, якая дае новыя сілы для пабудовы бяспечнай Еўропы. Польскі прэм'ер таксама звярнуў увагу, што ў інтарэсах Еўропы і Польшчы захаваць добрыя адносіны з ЗША.

— Усе без выключэння хацелі б, каб адносіны трансатлантычныя, украінска-амерыканскімі былі моцнымі. І, падкрэсліваю, Польшча са зразумелых прычын зацікаўленая ў гэтым найбольш. Каб Еўропа была моцнай і здольнай да абароны. І каб Польшча працавала на захаванне добрых адносінаў з ЗША.

Саміт пад назвай «Забеспячэнне нашай будучыні»  быў тэрмінова скліканы пасля правалу перамоваў у Белым доме паміж прэзідэнтамі Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім. Як бачым, яго вынік — гэта пакуль збольшага дэкларацыі падтрымкі Украіны.

IAR/PAP/вх

 

IAR/вх