Беларуская Служба

Апытанне: Славамір Мэнцэн у другі тур не праходзіць

11.04.2025 11:06
У другім туры выбараў, калі ў яго трапяць Тшаскоўскі і Наўроцкі — паводле апытання RMF FM — большасць набярэ Тшаскоўскі — 48,2%. Гэта аднак менш у параўнанні з сакавіцкім апытаннем.
Sławomir Mentzen.
Sławomir Mentzen. Photo: Robert Bartosewicz/PR24

У праварадыкальнага кандыдата на пасаду прэзідэнта Польшчы Славаміра Мэнцэна сур'ёзная праблема. Паводле апошняга апытання, кандыдат «Канфедэрацыі» моцна адстае ад дырэктара Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, звязанага з партыяй «Права і Справядлівасці» Караля Наўроцкага, пішуць на партале forsal.pl

Паводле апытання, праведзенага для RMF FM, цяпер мэр Варшавы, кандыдат ад урадавай «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі і Караль Наўроцкі маюць найбольшыя шанцы выйсці ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Кандыдат «Грамадзянскай кааліцыі» можа разлічваць на 31,5% падтрымкі, а кандыдат, звязаны з «ПіС» — 20,1%.

Прагаласаваць за Славаміра Мэнцэна гатовыя 14,7% апытаных. У сакавіку гэты кандыдат мог разлічваць на падтрымку амаль 19% палякаў, меў сур'ёзныя шанцы замест Наўроцкага трапіць у другі тур.

Старшыня Сейма, лідар руху «Польшча 2050», якія ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, Шымон Галоўня апынуўся на чацвёртым месцы з падтрымкай на ўзроўні 5,8%, адразу за ім ідзе праварадыкальны кандыдат, вядомы сваімі антысеміцкімі выказваннямі і ксенафобіяй, еўрадэпутат Гжэгаж Браўн — 3,5% гатовыя прагаласаваць за яго. 

У другім туры выбараў, калі ў яго трапяць Тшаскоўскі і Наўроцкі — паводле апытання RMF FM — большасць набярэ Тшаскоўскі — 48,2%. Гэта аднак менш у параўнанні з сакавіцкім апытаннем, калі ўрадавы кандыдат мог разлічваць на падтрымку ў другім туры на ўзроўні 52,1%. Паводле найноўшага апытання, апазіцыйны Караль Наўроцкі можа разлічваць на падтрымку каля 39,8%, што на 3,5% больш, чым у мінулым месяцы.

Паводле апытання, яўка выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх выбарах можа скласці 69%. Апытанне праводзілася 7-9 красавіка.

эж


Палітолаг: Фаварыты гонкі не вядуць сур’ёзных дэбатаў аб будучыні Польшчы і Еўропы

07.04.2025 13:19
Выбары прэзідэнта ў Польшчы адбываюцца на фоне геапалітычнай нестабільнасці, вайны ва Украіне, і радыкальнай змены палітыкі ЗША адносна сваіх хаўруснікаў у Еўропе.