Беларуская Служба

«Увогуле сама назва «Комиссия по возвращению домой» мае абсурдны і ад гэтага смешны характар» (ФОТА)

07.11.2023 18:02
Мастак Аляксандр Адамаў паказвае абсурд беларускай рэчаіснасці, высмейваючы яе за пасярэдніцтвам творчай экспрэсіі.
Аўдыё
  • Размова з Аляксандрам Адамавым
  ()
Аляксандр Адамаў (злева) і Мікіта Ільінчык на фоне сцэнаграфіі спектаклю «Эмма»крыніца: прыватны архіў А.Адамава

Беларускі мастак і сцэнограф маладога пакалення Аляксандр Адамаў актуальна пражывае і працуе ў Варшаве. Ён сябе называе мультыдысцыплінарным мастаком, які не абмяжоўваецца рамкамі тых ці іншых медыя і жанраў.

«Перш за ўсё мяне хвалюе ідэя і кантэкст у працы, а на другім плане – візуальнае ўвасабленне работы», – зазначае творца.

Аляксандр Адамаў Аляксандр Адамаў

Мастацтва і творчая праца для яго – гэта стыль жыцця, і нават у некаторай ступені залежнасць. «Я аднойчы зразумеў і цяпер заўсёды кажу, што ў мяне не атрымліваецца гэтага не рабіць. Як толькі я пачынаю адпачываць, я адчуваю, што мне трэба як найхутчэй працаваць. Можна сказаць, што я залежны ад творчай дзейнасці», – падкрэслівае Аляксандр.

«Двайны крыж» Аляксандра Адамава «Двайны крыж» Аляксандра Адамава

Нядаўна ў Варшаве адбыўся паказ беларуска-польскага тэатральнага праекту «Эмма», аўтарам і рэжысёрам якога з’яўляецца беларус Мікіта Ільінчык. Спектакль распавядае пра гуманітарны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Аўтар сцэнаграфіі спектакля – Аляксандр Адамаў. Цэнтральнае месца на сцэне займае фрагмент плоту, падобнага на загароду, узведзеную на польскай мяжы. Аляксандр гаворыць, што калі атрымаў прапанову працы над спектаклем, то задумаўся над творчым вырашэннем, якое можна было б выкарыстаць на сцэне.

«У мяне з’явілася ідэя перанясення гэтага плоту некуды на захад ад мяжы – ідэя руху мяжы ў мяне была даўно. Мы з Мікітам прыйшлі да высновы, што задума паставіць фрагмент плоту на сцэне будзе выдатным знакам», – зазначыў Адамаў.

Сцэнаграфія спектаклю «Эмма» Сцэнаграфія спектаклю «Эмма»

У адной са сваіх фотапрац, даступных у сацсетках, мастак паказаны голым сярод кардонных выяваў людзей. Праца падпісаная вельмі лаканічна – «Комиссия по возвращение домой». Аляксандр гаворыць, што смяяцца трэба з усяго, і тым больш з абсурду.

«Смяяцца ўвогуле трэба заўсёды і з усяго, калі на гэта ёсць сілы (...). Увогуле сама назва «Комиссия по возвращению домой» мае абсурдны і ад гэтага смешны характар (...). Я яшчэ калі быў у Беларусі, то 90% сваёй творчасці прысвячаў для таго, каб разглядаць гэты абсурд з усіх бакоў», – кажа творца.

Здараецца, што ў сваіх відэатворах Адамаў выкарыстоўвае трасянку, якая для яго, паводле мастака, з’яўляецца нечым асабістым. «Трасянка – гэта нейкая ўнутраная мова, назавём яе мовай дзяцінства», – лічыць Аляксандр.

Цэлая размова з Аляксандрам Адамавым – слухайце аўдыёфайл

Размаўляў Валерый Саўко

здымкі: прыватны архіў А.Адамава