Ва Уроцлаве працягваецца пяцідзённы XII Фестываль незалежнай беларускай культуры, праграма якога налічвае больш за 20 імпрэзаў, у тым тэатральныя паказы, экскурсіі, і адкрытыя дыскусіі і многае іншае. Распавесці пра ўсе захады XII Фестывалю незалежнай беларускай, якія зараз адбываюцца ва Уроцлаве проста немагчыма, нам банальна не хапіла эфірнага часу.
Уроцлаўскі фестываль гэта, у тым ліку, і пра ўдзячнасць за падтрымку і спрыянне беларускай культуры ў гэтым горадзе. Другі год запар адбылося ўручэнне прэміі Фестывалю «За падтрымку і развіццё беларускай культуры». Сёлета такой падзякай уроцлаўскіх беларусаў уганараваны вядомы польскі тэатральны дзеяч, тэатразнаўца, літаратурны кіраўнік шматлікіх тэатраў і вядома ж жыхар Уроцлва Кшыштаф Копка.
Кшыштаф Копка ўжо шмат гадоў падтрымлівае беларускія мастацкія ініцыятывы і дае ім голас, будуючы сувязі паміж польскім і беларускім грамадствам. Ён стаў рэжысёрам перфарматыўнага чытання «Беларусь. Камера» на аснове сапраўдных гісторый удзельнікаў беларускіх пратэстаў 2020 года.
Кшыштаф Копка клапоціцца і спрыяе творчаму развіццю беларускіх удзельнікаў курса «ТЭАТР на фактах», стваральнікам якога і з'яўляецца, – кажа спадарыня Таццяна, якая ад імя беларусаў Уроцлава ўручыла сімвалічную ўзнагароду:
– Праз тэатр, праз удзел у чытаннях і спектаклях, якія ладзіць спадар Кшыштаф Копка ў рамках Тэатральнага Інстытута імя Гратоўскага, дзе ён паставіў «Беларусь. Камера», беларусы, якія спазналі драматычны досвед пераследу, праходзяць пэўную псіхалагічную рэабілітацыю. Лічу гэта вельмі важным, тым больш, што дзякуючы сваім гісторыям, пры дапамозе тэатру, беларусы выходзяць па-за межы сваёй супольнасці і звяртаюцца да ўсіх жыхароў Уроцлава. (...)
Славуты польскі тэатральны дзеяч, сцэнарыст Кшыштаф Копка (Krzysztof Kopka) высока цэніць досвед супрацоўніцтва з беларусамі:
– Ужо некалькі гадоў я вяду курс дакументальнага тэатра ў Інстытуце Гратоўскага ва Уроцлаве, тэатр сапраўдных чалавечых гісторый пра тое, што адбываецца з намі ў жыцці. У кожным з гэтых курсаў удзельнічалі беларусы, якія жылі ў Польшчы большы ці меншы час, і гэта заўсёды быў вельмі важны саўдзел. У іх заўжды было шмат цікавых гісторый, драматычных гісторый, і я думаю, што за гэтыя гады было напісана безліч вельмі цікавых гісторый, якія прагучалі на публіцы. Цяпер мы апублікуем нашы дакументальныя сцэнарыі, каб яны займелі больш трывалаю ад тэатральнай форму. Гэты курс, гэта нешта большае за тэатральнае чытанне, ён з'яўляецца месцам сустрэч і абмену вопытам.
Уроцлаў невыпадкова стаў месцам інтэнсіўнага дыялогу культур, у тым ліку, пра гэта казала, прысутная на ўручэнні ўзнагароды дырэктарка Бюро замежнага супрацоўніцтва горада Уроцлава Эва Голамб-Навакаоўская (Ewa Gołąb-Nowakowska):
– Чаму менавіта Уроцлваў такі? Я думаю, што гэта частка ДНК нашага горада. Уроцлаў - шматкультурны горад. Уроцлаў шмат разоў мяняў сваю нацыянальную прыналежнасць, бо ён быў заснаваны чэхамі, пазней горад быў нямецкім, быў габрэйскім, ён быў польскім, потым зноў нямецкім, і зноў стаў польскім пасля Другой сусветнай вайны. Але кожны адчувае сябе тут як дома. Ва Уроцлаве няма сем’яў, якія жылі б тут стагоддзямі. Пасля Другой сусветнай вайны насельніцтва змянілася на 100%, і гэта насельніцтва ўсё яшчэ змяняецца, з’яўляюцца новыя групы і ўсё гэта змешваецца. Таксама як і Уроцлаў, мы - ягоныя жыхары - вельмі адкрытыя да свету. Калі пачаўся крызіс з бежанцамі, калі пачалася поўнамаштабная расійская агрэсія супраць Украіны, сюды прыехала шмат украінцаў, але сюды яны ехалі яшчэ і таму, што прадстаўнік іх сямей былі тут ужо раней. Людзі трапілі сюды, знайшлі працу, некаторыя стварылі сем’і і звычайна жывуць у нашым горадзе. Падобная сітуацыя з беларусамі пасля 2020 года. Паводле нашых ацэнак, ва Уроцлаве жыве прыкладна 200 тыс. украінцаў і звыш 20 тыс. беларусаў. Такая шматкультурнасць Уроцлава ў значнай ступені звязана з жыхарамі, іх адкрытасцю і тым фактам, што гэта шматкультурная супольнасць і таму мы адкрытыя, мы таксама вельмі ахвотна прымаем людзей з розных краін і розных культур.
Летась лаўрэатам быў вядомы польскі графік, прафесар Акадэміі мастацтваў Уроцлава Марэк Станілевіч.
Слухайце аўдыё!
эж