Беларуская Служба

Мечыслаў Фог – доўгажыхар польскай музычнай сцэны (ВІДЭА)

07.09.2019 08:12
Быў нават жарт наконт доўгага знаходжання Фога на сцэне: калі польскія археолагі адкапалі ў Егіпце мумію, ды яна запытала ў іх: «А Фог надалей спявае?».
Аўдыё
  • Мечыслаў Фог - доўгажыхар польскай музычнай сцэны
Mieczysław Fogg
Mieczysław Fogg PAP/Zbigniew Wdowiński

Гэтае прозвішча ведае кожны паляк, а яго песні, якім ужо па 70-80 гадоў, гучаць і сёння. У сённяшняй гістарычнай рубрыцы раскажам пра легенду польскай музычнай сцэны, пра зорку, якая ззяе па сённяшні дзень. Герой «Машыны часу» – Мечыслаў Фог.

Нарадзіўся Мечыслаў Фог (Mieczysław Fogg) 30 мая 1901 года ў Варшаве. Дарэчы, яго сапраўднае прозвішча – Фогель, а Фог – гэта мастацкі псеўданім. У міжваенны перыяд, у 1920-1930 гады, ён быў адным з найбольш папулярных польскіх спевакоў, а яго голас крытыкі акрэслівалі лірычным барытонам. А пра сваё знаёмства з песняй і музыкай Мечыслаў Фог распавёў Польскаму радыё. Архіўны запіс з 1979 года.

- Мне было 5-6 гадоў, мы ў сям’і разам з сястрой спявалі папулярную польскую песню, і гэта была мая першая сустрэча з песняй. Мяне заўсёды цягнула да музыкі, да спеваў.

Пасля Першай сусветнай вайны я рыхтаваўся да паступлення ў палітэхнічны ўніверсітэт. Мой бацька быў машыністам паравоза, таму марыў, каб я стаў інжынерам. Я пачаў працу на станцыі гарадской чыгункі ў цэнтры Варшавы. Аднойчы пасля працы я праходзіў каля касцёла святой Анны. Я зайшоў у касцёл, там якраз спяваў хор. Я падышоў да дырыжора і запытаўся, ці мог бы спяваць у касцельным хоры. Я прыйшоў праз некалькі дзён, мяне праслухалі, і я застаўся. І вось так пачалася мая вакальная кар’ера.

Гэта было ў 1922 годзе. А неўзабаве ў касцёле святой Анны Мечыслава Фога пачуў вядомы і папулярны акцёр Людвіг Сэмпаліньскі. Яму голас настолькі спадабаўся, што ён накіраваў маладога чалавека на ўрокі спеву. І неўзабаве пачалася прафесійная кар’ера Фога. А ў 1938 годзе Мечыслаў Фог перамог у агульнапольскім конкурсе Польскага радыё на найлепшага спевака: яго выбралі слухачы радыё.


- Mój wujek był człowiekiem, który jeśli do czegoś dążył, to osiągał to - mówi o Mieczysławie Foggu Andrzej Matyjaszkiewicz - Mój wujek był człowiekiem, który jeśli do czegoś dążył, to osiągał to - mówi o Mieczysławie Foggu Andrzej Matyjaszkiewicz

Падчас Варшаўскага паўстання Мечыслаў Фог выступаў перад паўстанцамі, у шпіталях ды бамбасховішчах. Агулам ён даў 104 канцэрты. За ўдзел у паўстанні ўзнагароджаны баявымі ўзнагародамі.

Пасля вайны ў 1946 годзе ён адкрыў сваю фанаграфічную кампанію Fogg Record і кавярню Cafe Fogg, якія праіснавалі да 1951 года. У тыя часы гэта было вельмі папулярнае і прэстыжнае месца, дзе збіраўся бамонд польскай сталіцы.

Мечыслаў Фог быў папулярны не толькі ў Польшчы, але выступаў і за межамі краіны: у Еўропе, Бразіліі, Ізраілі, на Цэйлоне, у ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, Аўстраліі ды іншых дзяржавах. Выступаў таксама на вядомым Фестывалі савецкай песні, які праходзіў у горадзе Зялёна Гура. Калі ў 1972 годзе памёр Марыс Шэвалье, Фог стаў найстарэйшым эстрадным дзеючым артыстам. Яго кар’ера працягвалася амаль 60 гадоў, і цягам гэтага часу Фог даў амаль 16 тыс. канцэртаў.

Быў нават жарт наконт доўгага знаходжання Мечыслава Фога на сцэне. У Польшчы жартавалі, што калі польскія археолагі адкапалі ў Егіпце мумію, ды яна запытала ў іх: «А Фог надалей спявае?».

Цягам кар’еры спявак устанавіў не адзін рэкорд. Для прыкладу, пласцінка «To ostatnia niedziela», выпушчаная да вайны, была прададзеная ў 100 тыс. экзэмпляраў: гэта вельмі высокі тыраж як на тыя часы.

Памёр Мечыслаў Фог 3 верасня 1990 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Машына часу