Сёння я запрашаю ў вёску Белы Косцёл(Biały Kościół), якая знаходзіцца ў Малапольскім ваяводстве, у трох кіламетрах ад Кракава. Паводле хронікаў Яна Длугаша, у сярэдзіне XV стагоддзя тут знаходзіўся мураваны касцёл святой Марыі Магдалены, а гаспадаром вёскі быў Станіслаў Каржэквіцкі герба «Сыракомля». Тут былі таксама дзве карчмы, адна з якіх належала мясцоваму пробашчу. У 1877 годзе на месцы старой святыні быў узведзены новы мураваны касцёл.
Белы Касцёл, святыня св. Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адкуль узялася назва мясцовасці? Паводле легенды, побач з мясцовай святыняй жыў пажылы чалавек, які ў парадожных, што накіроўваліся з Кракава ў Олькуш, прасіў ахвяру на тое, каб пабяліць касцёл. Менавіта адтуль і назва мясцовасці – Белы Касцёл. Аднак, таксама верагодна, што вёска атрымала сваю назву ад сярэднявечнага касцёла, пабудаванага з белага юрскага вапняку, у які багаты згаданы рэгіён.
Рыма-каталіцкая парафія ў Белым Касцёле – адна з найстарэйшых у Польшчы. Хаця мы не ведаем дакладнай даты ейнага заснавання, то ўжо ў 1325 годзе тагачасны пробашч кс. Ян плаціў падатак Апостальскаму Пасаду. У сярэднявеччы вёска мела стратэгічнае значэнне, бо побач праходзіў важны шлях з Кракава ў Сілезію. Магчыма, таму ў ХІV стагоддзі на недалёкай гары, што ўзвышаецца над Далінай Ключводы, быў пабудаваны замак, падмуркі якога можна пабачыць па сённяшні дзень.
Белы Касцёл, святыня св. Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле старых дакументаў, над дзвярыма парафіяльнага касцёла (верагодна, другога на гэтым месцы) была змешчаная дата «1411 год». Апекуном касцёла ў той час была святая Марыя Магдалена (цяпер – гэта св. Архангел Міхал). Аднак першым заступнікам, якому на працягу стагоддзяў пакланяліся ў гэтым месцы, з’яўляецца святы Мікалай Цудатворац.
Цягам часу колькасць вернікаў мясцовай парафіі павялічвалася, а касцёл станавіўся больш цесным. Праблема паглыбілася пасля падзелаў Польшчы, калі Белы Касцёл апынулася пад царскай уладай і да парафіі былі далучаны яшчэ дзве вёскі – Шыцы і Бендкавіцы – на той час парафія складалася з 10 суседніх вёсак. Таму ў 1876 годзе стары касцёл быў знесены, а на яго месцы пабудаваны цяперашні. Гэта ўдалося нягледзячы на тое, што пасля нацыянальна-вызваленчых паўстанняў расейцы ўзмацнілі рэпрэсіі ў Польшчы. У афіцыйных дакументах будаўніцтва касцёла называлася «пашырэннем», што, верагодна, дапамагло пераадолець цяжкасці і асвяціць новую святыню ў 1884 годзе.
Белы Касцёл, святыня св. Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У новы касцёл была перанесеная частка абсталявання са старога касцёла, у тым ліку драўлянае распяцце, каменнае дно купелі і, перш за ўсё, цудатворны вобраз Маці Божай з Дзіцяткам XVII стагоддзя (паводле іншых крыніцаў з XVIII ст.).
Белы Касцёл, цудатворны вобраз Маці Божай з Дзіцяткам. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На ім паказаная Марыя ў блакітным плашчы, упрыгожаным зоркай, якая левай рукой абдымае немаўля Ісуса. Дзіця трымае Евангелле, а яго правая рука працягнутая ў жэсце благаслаўлення. Гэта выява адносіцца да візантыйскага вобраза Маці Божай Снежнай (Salus Populi Romani) з рымскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. Акрамя таго, карціна ўпрыгожана пазалочанымі каронамі, сукенкай і зоркамі над фігурай Марыі.
Мясцовы вобраз Маці Божай з Дзіцяткам, верагодна, з’яўляецца копіяй яшчэ больш старажытнага вобраза, пра які летапісец згадвае падчас біскупскай візітацыі ў 1598 годзе. Таксама многія іншыя гістарычныя дакументы апісваюць выяву Маці Божай у Белым Касцёле, як вядомую сваімі ласкамі. Гэта доказ таго, што Маці Божая ўшаноўвалася ў гэтым месцы на працягу многіх стагоддзяў.
Белы Касцёл, святыня св. Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Ян Длугаш апісвае прыгожую гісторыю, якая адбылася ў Белым Касцёле. У другой палове ХІV стагоддзя святаром у мясцовым касцёле быў Якуб з Кожкві – таленавітым, але бедны. Ён марыў аб далейшай адукацыі, на якую не мог сабе дазволіць. Аднак ён рупліва прасіў дапамогі ў Маці Божай. Аднойчы, калі ён прыйшоў у касцёл, знайшоў на алтары мяшок са срэбранымі манетамі.
Святар палічыў гэта цудам, адмовіўся ад функцыі пробашча і пакінуў Белы Касцёл, каб вучыцца ў Балонні. Ён прысвяціў жыццё навуцы, атрымаў ступень доктара права, а затым працаваў рэвізорам у папскай курыі. У 1396 годзе стаў плоцкім біскупам і актыўна абараняў Польшчу ад Тэўтонскага ордэна. Вядомай стала таксама яго пропаведзь перад Грунвальдскай бітвай 1410 годзе. Гісторыкі лічаць яго адным з найбольш выбітных дзеячаў Польшчы таго часу.
Белы Касцёл, святыня св. Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Святыня ў Белым Касцёле пабудаваная ў эклектычным, пераважна неагатычным стылі. Будынак складаецца з аднаго нефа, а яго ўбранне было занесенае ў рэестр помнікаў Малапольскага ваяводства. Большасць прадметаў паходзіць з канца ХІХ стагоддзя. Іх аўтарам з’яўляецца скульптар Павел Турбас. Мяркуецца, што ён быў вучнем Кракаўскай школы прыгожых мастацтваў у часы Яна Матэйкі і спачатку працаваў у скульптурнай майстэрні Францішка Выспянскага. Драўлянае ўбранне святыні ў Белым Касцеле было яго першай буйной працай.
Белы Касцёл, святыня св. Мікалая. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Некалькі гадоў таму парафіяне распачалі канкрэтныя крокі па выратаванні драўляных помнікаў. Да гэтага часу ўдалося адрамантаваць канстрыкцыю купелі і два бакавыя алтары – алтар святога Архангела Міхала і алтар святога Антонія. Галоўны алтар, амбона і арганны фасад з галерэяй хора з XIX стагоддзя яшчэ чакаюць рамонту.
Анна Задрожна