Беларуская Служба

Гісторык: У Беларусі абвастрылася паланафобія

14.04.2022 16:02
Гісторык Аляксандр Белы разважае, чаму ў РБ пераводзяць польскія школы на рускую мову і выкрэсліваюць з беларускай культуры спадчыну Манюшкі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Белы пра паланафобію ў РБ.
 .
Аляксандр Белы.https://www.facebook.com/wereszczaka

Рэжым Лукашэнкі загадаў перавесці сярэднюю школу № 36 з польскай мовай навучання ў Гродне і сярэднюю школу № 8 з польскай мовай навучання ў Ваўкавыску на рускую мову. Гэта адбываецца ў рамках знішчэння як польскай, так і беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці ў Беларусі. Гэта лагічны працяг русіфікацыі — палітыкі ўмацавання «русского мира», пачатай у часы Расійскай імперыі.

У культурнай прасторы Беларусі да 2020 г. адбывалася пэўная адаптацыя спадчыны польска-беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў: Тадэвуша Касцюшкі, Станіслава Манюшкі, Фердынанда Рушчыца і інш. У мерапрыемствах па іх ушанаванні ўдзельнічалі міністры, кіраўнікі іншых дзяржаўных устаноў, выходзілі кнігі, маркі, канверты, праводзіліся выстаўкі, адкрываліся помнікі.

У пачатку 2021 г. улады РБ пачалі актыўную атаку на дзейнасць Саюза палякаў Беларусі, кульмінацыяй чаго стаў арышт старшыні СПБ Анжалікі Борыс і члена праўлення СПБ Анджая Пачобута.

Але, як паказалі далейшыя падзеі, гэта была атака не толькі на польскую нацыянальную супольнасць у Беларусі, але і ўвогуле на ўсе праявы беларуска-польскай ідэнтычнасці ў Беларусі.

Пра гэта разважае вядомы даследчык беларуска-польскай культурнай спадчыны Аляксандр Белы, які нядаўна трапіў за краты на Акрэсціна за тое, што каля помніка ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку ў Мінску здымаў гістарычны матэрыял для свайго канала TikTok.

Аляксандр Белы: Важнае пытанне: шматзначнасць тэрміна «польскі» ў беларускім кантэксце. Бо адна рэч — сімвалы, дзеячы, культура ўласна польскія, тое, што звязана з польскай дзяржавы, а другая рэч — усё каталіцкае, прычым не толькі канфесіянальна, але і цывілізацыйна, усё, што звязана з развіццём заходняй цывілізацыі ў нас пасля Крэўскай уніі, калі Ягайла аб’яднаў гістарычную Літву і Польшчу.

Нейкія дробныя канфлікты паміж любымі суседнімі дзяржавамі існуюць заўсёды, і польскі шавінізм — таксама з’ява непрыемная і не тое каб зусім рэдкая.

Але я думаю, што вастрыня цяперашняй палітыкі ўлад РБ накіравана не столькі на гіпатэтычных “агентаў польскага ўплыву”, людзей, якім інтарэсы суседняй дзяржавы бліжэйшыя за ўласна беларускія (дапусцім тэарэтычна, што такія ёсць).

У вульгарызаваным успрыняцці “Польшча” — гэта таксама ўся былая Рэч Паспалітая, з якой выйшла сучасная Літва і шмат у чым Украіна і Беларусь. І мне здаецца, што як і ўлады РБ і іх цяперашняя фактычная метраполія — Расія, так і значная колькасць самога насельніцтва РБ маюць пэўныя антызаходнія, антылацінскія погляды, якія адначасова робяцца і ізаляцыянісцкімі ўвогуле.

Сучасная РБ адкідае пераемнасць з грамадскімі інстытутамі Рэчы Паспалітай — з сеймам і сеймікамі, г. зн. з рэальнымі парламентарызмам, з магдэбургскім правам — гарадскім самакіраваннем, з недатыкальнасцю асобы і маёмасці, а адначасова — сама адразае сябе ад выхаду да Балтыйскага і Чорнага мораў, а гэта — гарантаваны шлях да жабрацтва і тэхналагічнай дэградацыі.

Аляксандр Белы лічыць, што ўлады РБ, як і пэўная частка яе жыхароў не зацікаўлены ў пабудове нармальных адносін з Польшчай і іншымі суседзямі.

Аляксандр Белы: Гэтыя “беларусы” не прывыклі выбудоўваць доўгатэрміновых адносін з суседзямі, засвоіўшы чыста рускую мадэль паводзін.

І ўрад РБ, і істотная частка насельніцтва РБ зацікаўлены ў адносінах толькі з “Вялікай Руссю”, якая для іх не сусед, а метраполія. Гэты рэжым і яго лаяльныя падданыя разлічваюць жыць, у значнай ступені, за кошт геапалітычных грантаў за вернасць “Вялікай Русі”.

Мяне калісьці вельмі ўразіла, што, напрыклад, амаль усе галандцы ведаюць англійскую мову, больш за дзве траціны — нямецкую, а амаль палова — французскую.

На жаль, большасць беларусаў не хоча інтэнсіўнага гандлю і культурнага абмену з суседзямі. Ім утульней жыць унутры “рускага кокана”.

Аляксандр Белы лічыць важным усведамляць, што сёння ў Беларусі не толькі кіруе прамаскоўскі рэжым, але і існуе пэўная, магчыма, немалая прарасійская частка насельніцтва.

Аляксандр Белы: Трэба ўсведамляць, што на працягу ХХ ст. Беларусь, прайшоўшы праз рэвалюцыю, саветызацыю, калектывізацыю, Халакост, Катынь, праз масавую эміграцыю, цалкам пазбавілася людзей, якія мелі адукацыю або самаадукацыю не ў рамках рускай цывілізацыйнай дактрыны.

І этнаграфічныя сентыменты не ў стане выправіць гэтую сітуацыю. Нават калі беларус, які лічыць сябе нацыяналістам, бунтуе супраць Расіі, ён не мае сістэмы катэгорый і паняццяў, каб вырвацца з ментальнага поля Расіі. Мы яскрава бачым гэта і ў гісторыі апошніх 30 гадоў, і асабліва — у гісторыі “выбараў” і паслявыбарчых пратэстаў, якія, паводле некаторых даных, часткова былі зрэжысіраваны Масквой.

Я пакуль застаюся скептычны што да таго, як хутка беларусы могуць набрацца вопыту нярускага жыцця, г. зн. жыцця па-за рускім светам, рускай цывілізацыяй з яе мовай, культурай, псеўдакаштоўнасцямі.

Вядома, ў эміграцыі гэты працэс пойдзе хутчэй і глыбей. Але гледзячы, напрыклад, на пасляваенную польскую эміграцыю, якая сапраўды паўплывала на змену сітуацыі ўнутры краіны, відаць, што такія працэсы ідуць дзесяцігоддзямі.

Аляксандр Белы прагназуе, што ў бліжэйшы час у РБ будзе рэвізавана вельмі шмат з тых культурных дасягненняў апошніх 30 гадоў, якія так або інакш былі звязаны з агульнай польска-літоўска-беларускай культурнай спадчынай.

Аляксандр Белы: Расійскія шавіністычныя рэсурсы, напрыклад, даўно абураліся аднаўленнем замкаў, як яны пісалі, «польско-литовской знати» ў Нясвіжы, Міры і г.д.

Яшчэ ў 2019 г. з удзелам дзяржавы адзначалася 200-годдзе беларуска-літоўска-польскага кампазітара Станіслава Манюшкі, ад урада РБ і МЗС РБ у Вільню ездзілі прадстаўнікі на перазахаванне астанкаў Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.

А з 2020 г. ідзе вельмі хуткі адкат ад усяго гэтага — да заходнерусізму, паланафобіі, яе чарговай хвалі. Гэта не толькі перавод польскіх школ на рускую мову навучання, рэпрэсіі супраць членаў Саюза палякаў Беларусі, антыпольская рыторыка ў СМІ.

Шакіруе, калі Юлія Андрэева, журналіст партала Адміністрацыі Прэзідэнта РБ «Беларусь сегодня», якая ў 2019 г. на гэтым сайце з захапленнем пісала пра спадчыну Станіслава Манюшкі, у 2022 г. даслоўна піша наступнае: «Бетховен генетически ближе нашей культуре, чем Радзивилл, или Голланд, или — страшно сказать — Монюшко. Вся фортепианная школа Беларуси — все ее ветви, можете сами проверить, — ведут к Бетховену, Шуберту и Листу. Вот вам и прадеды, и музыкальная родословная. Культура — это школа. А кого в Беларуси выучил Голланд, или Монюшко, или Радзивилл?».

У гэтым праяўляецца не толькі палона-, беларусафобія, але і літуанафобія — абвастрэнне гэтых фобій намецілася з пачатку года. Людзі з “нярускімі” культурнымі сімпатыямі арганізавана вычышчаюцца з усіх адукацыйных і культурных устаноў.

Думаю, у РБ дзейнічаюць як унутраныя антызаходнія сілы, так і прыстаўленыя з Масквы куратары, пра існаванне якіх мы можам толькі здагадвацца.

17 верасня, у гадавіну г. зв. уз’яднання 1939 г., калі Чырвоная Армія акупіравала заходнебеларускія землі даваеннай Рэспублікі Польшча, можа чакаць узмацнення антыпольскай істэрыі.

Аляксандр Белы лічыць, што шукаць крыніцу антыпольскіх настрояў трэба не толькі ў асобе Аляксандра Лукашэнкі, але і ў глыбокім цывілізацыйным канфлікце ў самім беларускім грамадстве.

Аляксандр Белы: Усё ж заходняя і руская цывілізацыі маюць глыбока антаганістычныя погляды на ўзаемаадносіны грамадства, чалавека і ўлады, на самі сэнсы жыцця.

Гісторыя Беларусі, краіны на сумежжы гэтых цывілізацый, поўніцца прыкладамі гэтых канфліктаў. І трэба памятаць, што за два стагоддзі рускай акупацыі і панавання было шмат хваль вынішчэння і выгнання з Беларусі менавіта прыхільнікаў заходняй цывілізацыі, але ніколі — наадварот. Селекцыя ўвесь час ішла ў адзін бок.

У перыяды “адлігі” празаходні элемент часткова нарастаў унутры краіны, але ніколі не мог набраць моцы і ўплыву.

А тыя, хто выжываў пасля зачыстак, не толькі заставаліся запалоханыя, але і глыбінна засвоілі каштоўнасці тых, хто нязменна заставаўся мацнейшы на працягу больш як 200 гадоў, г.зн. рускіх.

Таму не магу не сказаць пра тое, што нават пэўная частка нацыянальна свядомых спадароў падзяляе антыпольскія інстынкты афіцыйных Мінска і Масквы.

У грамадстве няма адзінства поглядаў на мінулае і будучыню краіны.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

М. Каламайская-Саід: З амаль 200 рымска-каталіцкіх кляштараў, скасаваных пасля паўстання 1830–1831 гг., захавалася 10%

24.03.2022 15:46
Мастацтвазнавец Марыя Каламайская-Саід уклала, а Інстытут Polonika падрыхтаваў і выдаў двухтомны альбом Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832.

250 год без выхаду: пасля далучэння да Расіі Беларусь так і не вызвалілася

31.03.2022 15:03
250 год таму адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай: да Расійскай імперыі адышлі ўсходнія землі ВКЛ, а менавіта — тэрыторыі сучаснай усходняй Беларусі.