Беларуская Служба

Гісторык: У 1930-я гг. у Дзяржынску рыхтаваліся да рэвалюцыі ў Польшчы

22.12.2022 16:03
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў кнігу беларускага гісторыка, супрацоўніка Польскай АН Анатоля Вялікага Dzierżyńszczyzna 1932–1937. Rejon skazany na likwidację.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Вялікі пра Дзяржынскі польскі нацраён.
   .   . 1932 . (   1932,  9, . 14).
Народны дом на вул. Станькаўскай у Дзяржынску. 1932 г. (часопіс «Чырвоная Беларусь» 1932, № 9, с. 14). Commons.wikimedia.org/Domena publiczna

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў кнігу беларускага гісторыка, супрацоўніка Польскай акадэміі навук Анатоля Вялікага Dzierżyńszczyzna 1932–1937. Rejon skazany na likwidację («Дзяржыншчына ў 1932–1937 гг. Рэгіён асуджаны на ліквідацыю»).

Кніга Анатоля Вялікага ўпершыню і ў польскай, і ў беларускай гістарыяграфіі прадстаўляе найбольш поўную, падмацаваную больш чым 30 дакументамі, якія раней не публікаваліся, з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (у ім раней працаваў Вялікі), гісторыю стварэння спачатку Койданаўскага, а затым — перайменаванага ў гонар ураджэнца тутэйшых мясцін Фелікса Дзяржынскага — Дзяржынскага польскага нацыянальнага раёна ў складзе БССР.

Нацыянальныя раёны ў 1920-1930-я гг. ствараліся ва ўсім СССР з мэтай забяспечыць правы ўсіх нацыянальнасцей. У такіх раёнах справаводства, культурнае жыццё функцыянавалі на роднай мове мясцовага насельніцтва.

Аднак асаблівасцю Койданаўскага (з сакавіка 1932 года — Дзяржынскага) раёна было тое, што ён ствараўся не для здавальнення патрэб мясцовых палякаў, а ў піку Польшчы — як савецкая альтэрнатыва «буржуазнаму» ладу.

Большасць насельніцтва раёна складалі беларусы, але партыйныя босы пайшлі на тое, каб сфальсіфікаваць даныя аб нацскладе насельніцтва і ў пачатку 1930-х гг. рапартавалі ў Маскву аб большай, чым на самай справе, колькасці палякаў у гэтым кутку БССР. Гэта, зрэшты, было звычайным для СССР канструяваннем жаданай рэальнасці.

А палякі ў Койданаўскім (Дзяржынскім) раёне сталі толькі разменнай манетай у вялікай гульні Масквы супраць Варшавы. Цяпер аб тым, што раён быў польскім, ніхто акрамя гісторыкаў не ведае і не памятае. І палякаў там нібы і не было.

Гісторыка Анатоля Вялікага, які даўно жыве ў гэтых мясцінах, уласна гэта ў свой час і заінтрыгавала: хто і як тут жыў у 1930-я гады і што стала з гэтымі людзьмі.

Анатоль Вялікі:Разглядаліся тры варыянты стварэння польскага нацыянальнага раёна ў Беларусі: Лепельскі, Уздзенскі і Койданаўскі. Усе яны межавалі з Польшчай. Але на карысць Койданаўскага выбар быщ зроблены дзякуючы Яго Вялікасці Выпадку.

Аднак, колькі я ні шукаў, так і не высветліў, хто прапанаваў назваць Койданаўскі раён у гонар Дзяржынскага.

Але калі на ўрачысты сход у сувязі са стварэннем польскага нацыянальнага раёна прыбылі першы сакратар Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі Мікалай Гікала і старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў Беларусі Аляксандр Чарвякоў, то раён назвалі Дзяржынскім ад імя народа. Зразумела, што мясцовае насельніцтва асабліва і не ведала, хто такі Дзяржынскі...

Іншае пытанне, навошта стварылі гэты раён. Ёсць адна глыбінная прычына: гэты раён мяжуе з Польшчай. У 1930 г. у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі адбылася тайная нарада, стэнаграма якой захавалася і была мною вывучана. На гэтай нарадзе рэдактар беларускай партыйнай газеты «Зьвязда» Будзінскі шчыра сказаў: «Мы ствараем гэты раён выключна ў палітычных мэтах. Гэта па-першае. Па-другое, нас цікавіць не столькі гэты раён, колькі будучая рэвалюцыя ў Польшчы».

Такім чынам, у гэтым раёне рыхтаваліся партыйныя, вайсковыя кадры для будучай рэвалюцыі ў Варшаве.

Аднак у 1930-я гг. Сталіну і яго паплечнікам стала відавочна, што ідэя аб «сусветнай рэвалюцыі» не можа ажыццявіцца. І ад заігрывання з рознымі нацыянальнасцямі, у прыватнасці, якія пражывалі на захадзе СССР і адначасова за мяжой — на Захадзе, Сталін перайшоў да канструявання новай мадэлі савецкай дзяржавы — не на інтэрнацыянальнай, а на рускай нацыянальнай аснове. Адпаведна, і неабходнасць у нацраёнах, накшталт Дзяржынскага (аналагічны быў ва Украінскай ССР — Мархлеўскі), адпала.

І хоць у 1932 г. старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў дакладваў у Маскву аб тым, што ў Дзяржынскім раёне 60% насельніцтва — гэта палякі, усё было зусім не так.


Кніга А. Вялікага Dzierżyńszczyzna 1932–1937. Rejon skazany na likwidację. Кніга А. Вялікага Dzierżyńszczyzna 1932–1937. Rejon skazany na likwidację.

Анатоль Вялікі:Гэта поўная лухта! Перапіс 1926 г. паказаў, што ў Койданаўскім раёне не было такой колькасці палякаў — 60%. Максімум было 20-25%, з вялікай нацяжкай — 30%. Але Чарвякоў піша ў Маскву аб тым, што ў Менску гатовы да таго, каб стварыць польскі нацыянальны раён у БССР.

У 1931 г. пры Цэнтральным Камітэце Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі ствараецца камісія па вывучэнні нацыянальнага складу Койданаўскага раёна і магчымасці яго пераўтварэння ў польскі. Камісія «абследуе» раён і піша без усялякіх сумненняў, што, маўляў, большасць насельніцтва раёна – палякі. Адкуль там узялося столькі палякаў? Такі быў палітычны заказ: убачыць палякаў. І іх убачылі.

А потым пачалося самае цікавае. Я ўжо ўзгадваў Чарвякова. Ён быў разумным палітычным дзеячам. Ён бачыў штучнасць і немэтазгоднасць гэтага раёна.

Лісты аб памылковасці стварэння ў БССР польскага нацраёна і з прапановай яго ліквідаваць Чарвякоў накіроўваў Сталіну ў 1934 і 1935 гг. У 1937 годзе раён ліквідавалі, калі ў СССР пачалася г. зв. Польская аперацыя — рэпрэсіі супраць палякаў і г. зв. польскіх шпіёнаў.

Анатоль Вялікі:Улетку 1937 г. сюды прыехалі Малянкоў і Андрэеў — эмісары з Масквы. Адбыўся пленум, на якім фактычна разглядалася адно пытанне: пра «фашысцкую палітыку паланізацыі ў БССР», — я даслоўна цытую. Было прынята рашэнне ліквідаваць польскі нацыянальны раён, створаны «шкоднікамі». І яго ліквідавалі як адміністрацыйную адзінку.

Анатоль Вялікі дадае, што ўсё кіраўніцтва былога польскага нацраёна — аж да камсамольскіх і прафсаюзных дзеячаў было рэпрэсіравана.

Анатоль Вялікі:Людзі ўцякалі з хат, як толькі бачылі машыну НКУС. Бо ведалі: прыедзе, людзей закінуць у варанок — і невядома куды павязуць. Па Дзяржынскім раёне быў самы высокі працэнт смяротных прыгавораў сярод рэпрэсіраваных.

Анатоль Вялікі, завяршаючы расказ пра гісторыю польскага нацраёна ў БССР, дадае, што хаця ў 1937 г. Дзяржынскі раён быў ліквідаваны, у 1938 г. яго аднавілі — але ўжо нічога польскага ў ім не засталося.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Апублікаваны дакументы пра лёсы палякаў і беларусаў у 1926-1932 гг.

08.12.2022 16:01
Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў дакументы па гісторыі польска-савецкіх адносін у 1926-1932 гг.

Выдадзеныя ў Варшаве дакументы з мінскага архіва праліваюць святло на рэпрэсіі супраць палякаў і беларусаў у 1937-1938 гг.

15.12.2022 16:03
Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага выдаў зборнік дакументаў „Operacja polska” NKWD 1937-1938 na tle represji wobec Polaków w Białoruskiej SRS. Dokumenty”.