Беларуская Служба

Запрашаем на Свята ротмістра Пілецкага ў гарадок Остраў Мазавецка (ФОТА)

10.05.2024 15:01
Мерапрыемства, прымеркаванае да дня нараджэння героя, ладзіцца сёлета ўжо восьмы раз, супадаючы з акцыяй «Ноч музеяў» у Польшчы.
Аўдыё
  • Свята ротмістра Вітольда Пілецкага
     fot. BG Images Barbara Siwek i Grzegorz Gransicki
Фота выкарыстана з дазволу музея/ fot. BG Images Barbara Siwek i Grzegorz GransickiФота выкарыстана з дазволу музея/ fot. BG Images Barbara Siwek i Grzegorz Gransicki

Парад уланаў, гульні і віктарыны для наймалодшых, спартыўныя спаборніцтвы, паказы фільмаў VR, канцэрт патрыятычных песень і фаер-шоў – гэта толькі некаторыя пункты багатай праграмы VІІІ Свята ротмістра Пілецкага, якое 18 траўня пройдзе ў гарадку Остраў Мазавецка(Ostrów Mazowiecka) на Усходзе Польшчы.

Свята ротмістра Вітольда Пілецкага – гэта штогадовае мерапрыемства, якое арганізоўвае Музей – дом сям’і Пілецкіх у гарадку Остраў Мазавецка, распаложаным па трасе Варшава – Беласток. Сёлета мерапрыемства адбудзецца ўжо 8-ы раз. Яно традыцыйна прымеркаванае да дня нараджэння ротмістра Пілецкага – жаўнера Арміі Краёвай, добраахвотнага вязня і арганізатара руху супраціву ў канцлагеры Auschwitz, аўтара Дакладаў пра Халакост, якія побач з Дакладам Карскага, з’яўляюцца першай у свеце крыніцай інфармацыі пра Халакост і каштоўным дакументальным сведчаннем.

Музей – дом сям’і Пілецкіх у гарадку Остраў Мазавецка/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей – дом сям’і Пілецкіх у гарадку Остраў Мазавецка/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Паколькі сёлета дзень нараджэння Вітольда Пілецкага -13 траўня, выпадае ў панядзелак, то мерапрыемства запланаванае на бліжэйшую гэтаму дню суботу, то бок 18 траўня. Яно супадзе з агульнапольскай акцыяй «Ноч музеяў».

Хоць Свята ротмістра Вітольда Пілецкага арганізоўваецца ўжо восьмы год запар, то з моманту адкрыцця пастаяннай выставы ў музеі, то бок з 2022 года, яго формула і месца правядзення крыху змяніліся.

Зараз мерапрыемства ў большасці праходзіць у сядзібе музейнай установы, на тэрыторыі музейная парку і на тэрыторыі Ярданоўскага сада, які з ім суседнічае, нагадвае дырэктар музейнай установы Караліна Кальбушэўска(Karolina Kolbuszewska):

- Паколькі 18 траўня выпадае таксама «Ноч музеяў», перш за ўсё, мы запрашаем наведаць нашую музейную ўстанову і пазнаёміцца з цікавай пастаяннай выставай. У гэты дзень наш музей можна будзе наведваць да 1 гадзіны ноччу, як індывідуальна, так і з гідам. Запрашаем наведваць выставу ўсёй сям’ёй. Тым, хто любіць загадкі, мы прапануем наш quest.

Музей – дом сям’і Пілецкіх у гарадку Остраў Мазавецка/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей – дом сям’і Пілецкіх у гарадку Остраў Мазавецка/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Наведванне пастаяннай музейнай выставы, гэта толькі адна са шматлікіх прапановаў запланаваных на гэты дзень, кажа дырэктарка ўстановы:

- Афіцыйнае адкрыццё VIII Свята ротмістра Пілецкага запланаванае на 16.00 гадзіну на сцэне ў Ярданоўскім садзе. Раней, то бок а 11.00 адбудзецца ІІ Турнір па футболе за Кубак ротмістра Пілецкага для дзяцей. Памяць Вітольда Пілецкага ўшануюць таксама мясцовыя дашкольнікі ўрачыстым шэсцем. Для наймалодшых удзельнікаў свята а 14.30 на сцэне ў Ярданоўскім садзе запланаваны спектакль «Мішка Войтэк». Дзяцей будуць суправаджаць казачныя героі, у прыватнасці героі «Польскага казачніка», то бок зборніка казак і народных легендаў, які быў вельмі папулярны ў часы дзяцінства Вітольда Пілецкага. Уборы для гэтых казачных персанажаў рыхтаваліся ў рамках праекту: «Кравецкія гісторыі», у рамках якога школьніцы старэйшых класаў базавых школаў вучацца кравецкай справе.

Паколькі Вітольд Пілецкі актыўна займаўся спортам, клапоцячыся пра свой фізічны стан, то падчас ягонага свята на спорт таксама зроблены выразны акцэнт. У тым ліку цікавая прапанова падрыхтаваная для аматараў скейтбордынгу і веласіпеднага мотакроса:

- Сёлета, у другі раз у рамках Свята ротмістра Пілецкага ў мясцовым скейт-парку запланаваны «Уланскі Skate Jam 2024» – то бок спартыўныя спаборніцтвы, падчас якіх скейтбардысты і веласіпедысты змогуць пахваліцца сваім майстэрствам.

Прызавы фонд у катэгорыі PRO складае ажно 6 000 злотых, нагадвае Караліна Кальбушэўска. Аднак Вітольд Пілецкі, перш за ўсё, быў уланам – ён быў выдатным вершнікам. Менавіта таму Свята ротмістра Пілецкага не абыдзецца без коней, дадае дырэктарка Караліна Кальбушэўска:

- Для Вітольда Пілецкага важным элементам жыцця была верхавая язда – ён быў уланам, жаўнерам, выдатным вершнікам; удзельнікам уланскіх спаборніцтваў. Ягоны любімы конь – гэта кабыла Байка. Таму на нашым свяце коні таксама абавязкова будуць. Адбудуцца ўланскія паказу. Апрача таго, на стэндах рэканструктарскіх групаў можна будзе пазнаёміцца з рознымі аксэсуарамі для коней і цікавай інфармацыяй пра іх.

Фота выкарыстана з дазволу музея/ fot. BG Images Barbara Siwek i Grzegorz Gransicki Фота выкарыстана з дазволу музея/ fot. BG Images Barbara Siwek i Grzegorz Gransicki

Музей – дом сям’і Пілецкіх рыхтуе таксама шмат суправаджальных адукацыйных мерапрыемстваў для наведвальнікаў:

- У гэты дзень у музейнай адукацыйнай зале, дзе мы звычайна ладзім музейныя лекцыі, адбудуцца паказы фільмаў VR. Тут можна будзе паглядзець розныя фільмы ў шлемах віртуальнай рэальнасці. Гэты пункт праграмы мы рэалізуем супольна з дзяржаўнай установай культуры Бюро «Незалежная». Спадзяюся, што падобным чынам, як летась, ён будзе карыстацца вялікім зацікаўленнем. Як у музейным парку, так і ў суседнім Ярданоўскім садзе мы будзем прапанаваць розныя анімацыі для наймалодшых, пад загалоўкам: «Знаёмцеся з Вітольдам» і адукацыйныя стэнды. Для найбольш актыўных і паспяховых удзельнікаў розных гульняў і віктарынаў мы падрыхтуем цікавыя ўзнагароды.

Свята ротмістра Пілецкага завершыцца спевам патрыятычных песень ля вогнішча:

- У вечары мы запрашаем на канцэрт міжваенных песень, які чарговы раз для нас падрыхтуе гурт «Cʼmon» пад кіраўніцтвам Лукаша Катвіцы. У сваю чаргу пасля наступлення цемры запрашаем на фаер-шоў: «Танец агню ». Згаданы пункт праграмы ў мінулым годзе карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў. Свята завершыцца спевам патрыятычных песень ля вогнішча ў музейным парку.

- запрашала дырэктарка Музея-дома сям’і Пілецкіх у гарадку Остраў Мазавецка Караліна Кальбушэўска.

Фота выкарыстана з дазволу музея/ fot. BG Images Barbara Siwek i Grzegorz Gransicki Фота выкарыстана з дазволу музея/ fot. BG Images Barbara Siwek i Grzegorz Gransicki

Нагадваем, мэтай Свята ротмістра Пілецкага зʼяўляецца не толькі ўшанаванне памяці выдатнага паляка, які ўвайшоў у гісторыю, як «выкляты» жаўнер – герой барацьбы з нямецкімі акупантам, але і азнаямленне жыхароў з гісторыяй Польшчы, у прыватнасці перыяду Другой сусветнай вайны і пасляваеннага часу.

Таму ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Польшчы і постаццю ротмістра Пілецкага, 18 траўня запрашаем у гарадок Остраў Мазавецка на VІІІ Свята ротмістра Пілецкага.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Браньшчык - ідылічная вёска ў Даліне Ніжняга Буга (ФОТА)

19.04.2024 14:00
Браньшчык і яго бліжэйшая ваколіца прыцягваюць жыхароў Варшавы, якія жадаюць адпачыць ад гарадской мітусні.

У Музеі свісткоў у Гвіздалах можна пабачыць адзін са свісткоў, выкананых для трагічнага парахода «Тытанік» (ФОТА)

26.04.2024 16:30
Лагатып музея стварыў вядомы польскі графік, карыкатурыст гісторык і сцэнограф Шыман Кабыліньскі.