Беларуская Служба

99 гадоў таму ў Польшчы правялі грашовую рэформу і ўвялі злоты (ФОТА + ВІДЭА)

14.01.2023 05:02
Інфляцыя была настолькі вялізнай, што зарплаты выплачваліся два разы ў дзень, бо цягам дня грошы абясцэньваліся ў два разы.
Аўдыё
  • 99 гадоў таму ў Польшчы правялі грашовую рэформу і ўвялі злоты
10  ,     1924
10 польскіх злотых, уведзеныя ў абарачэнне ў 1924 годзе Domena publiczna

99 гадоў таму, 11 студзеня 1924 года, Сейм Польшчы прыняў закон аб правядзенні грашовай рэформы. У польскай гістарыяграфіі гэтая аперацыя больш вядомая пад назвай рэформы Грабскага па прозвішчы тагачаснага прэм’ер-міністра краіны. Правядзенне пераўтварэнняў стала неабходнасцю, бо гіперінфляцыя пагражала татальнай эканамічнай катастрофай краіны.

Уладзіслаў Грабскі, 1931 год Уладзіслаў Грабскі, 1931 год

Да 1924 года нацыянальнай грашовай адзінкай у Польшчы была польская марка. Інфляцыя была настолькі вялізнай, што зарплаты выплачваліся два разы ў дзень. Здаралася, што пад вечар марка абясцэньвалася ў два разы ў параўнанні з ранішнім курсам.

У Польшчы 20-я гады мінулага стагоддзя характарызаваліся тым, што часта мяняўся ўрад, паколькі ў Сейме не ўдавалася стварыць стабільную парламенцкую большасць. Урад, які ўзначаліў Уладзіслаў Грабскі ў 1923 годзе, быў 11-м па ліку пасля таго, як у 1918 годзе Польшчы зноўку стала незалежнай краінай. Да гэтага сярэдні час існавання ўраду складаў крыху больш за 5 месяцаў. Кабінет міністраў пад старшынствам эканаміста Уладзіслава Грабскага быў створаны адмыслова для таго, каб ён навёў парадак у эканоміцы і дзяржаўных фінансах, і перш за ўсё, каб задушыў гіперінфляцыю. На пачатку студзеня 1924 года адна марка раўнялася 1/10 млн частцы долара.

10 польскіх марак выпуску 1917 года, якія знаходзіліся ў абарачэнні да 1924 года, калі ў выніку рэформы былі замененыя польскім злотым 10 польскіх марак выпуску 1917 года, якія знаходзіліся ў абарачэнні да 1924 года, калі ў выніку рэформы былі замененыя польскім злотым

Пачынаючы рэформу, урад Грабскага перш за ўсё пачаў сачыць за тым, каб фізічныя і юрыдычныя асобы не скрывалі даходаў і плацілі падаткі. Акрамя таго, Кабмін пад кіраўніцтвам эканаміста абмежаваў грамадскія інвестыцыі і дзяржаўныя датацыі для прыватных фірм, а таксама ўвёў сур’ёзныя абмежаванні ў сферы выдаткаў на дзяржаўную адміністрацыю.

28 красавіка 1924 года быў створаны Польскі банк, які атрымаў выключнае права на эмісію новай грашовай адзінкі, якая атрымала назву польскі злоты. Злоты быў прывязаны да швейцарскага франка ў адносінах 1:1. За адзін долар трэба было заплаціць 5 злотых 18 грошаў. Пры абмене за 1 млн 800 тыс. польскіх марак давалі адзін злоты.

Злева направа: міністр вайсковых спраў генерал Уладзіслаў Сікорскі, прэм'ер-міністр Польшчы Уладзіслаў Грабскі, прэзідэнт Станіслаў Вайцехоўскі, жонка прэзідэнта Марыя, міністр сельскай гаспадаркі Станіслаў Яніцкі. 1924 год   Злева направа: міністр вайсковых спраў генерал Уладзіслаў Сікорскі, прэм'ер-міністр Польшчы Уладзіслаў Грабскі, прэзідэнт Станіслаў Вайцехоўскі, жонка прэзідэнта Марыя, міністр сельскай гаспадаркі Станіслаў Яніцкі. 1924 год

Грашовую рэформу Грабскі праводзіў перш за ўсё за кошт унутрыдзяржаўных рэзерваў, без прыцягнення замежных пазык. Адной з крыніц фінансавання рэформы было ўвядзенне жорсткага падатковага кодэксу. Пры гэтым дзяржаўныя службы дакладна сачылі за тым, каб падаткі плацілі багатыя палякі, перш за ўсё прамыслоўцы і землеўладальнікі.
Праз некалькі месяцаў пазітыўных эфектаў пераўтварэнняў, у ліпені 1924 года прыйшло пагаршэнне эканамічнага становішча, чаго, дарэчы, аўтары рэформы спадзяваліся.

Падатковыя змены прывялі да таго, што часова знізілася прамысловая вытворчасць. Негатыўна на эканамічную сітуацыю таксама паўплывала так званая «мытная вайна» з Германіяй, якая працягвалася да паловы 1925 года.

У лістападзе 1925 года ўрад Уладзіслава Грабскага падаў у адстаўку. Вядомы эканаміст пакідаў пасаду прэм’ера краіны ў сітуацыі, калі эканоміка і польскі злотых пачалі стабілізавацца. Праз два гады, у 1927 годзе, польская грашовая адзінка настолькі ўмацавалася, што была адной з мацнейшых валют Еўропы.

Дарэчы, Уладзіслаў Грабскі пасаду прэм’ера займаў таксама ў 1920 годзе, але ўзначальваў ён урад усяго толькі адзін месяц. Палітык і эканаміст таксама ўзначальваў Міністэрства дзяржаўнай маёмасці на працягу трох гадоў перад тым, як другі раз стаць прэм’ер-міністрам.

2 польскія злотыя, уведзеныя ў абарачэнне ў 1924 годзе 2 польскія злотыя, уведзеныя ў абарачэнне ў 1924 годзе

Пасля пасады прэм’ера Уладзіслаў Грабскі пакінуў палітыку і заняўся навуковай працай, быў, у прыватнасці, рэктарам і прарэктарам Галоўнай школы сельскай гаспадаркі – найбольш прэстыжнай польскай сельскагаспадарчай ВНУ, якая, дарэчы, свой прэстыжны статус захавала па сённяшні дзень.

Памёр Уладзіслаў Грабскі ў Варшаве ў 1938 годзе.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на відэа: Варшава ў 1935 годзе. Колер: Z A J A C F O T O . C O M

Больш на гэтую тэму: Машына часу