Беларуская Служба

Украінскае збожжа заваёўвае еўрапейскія рынкі – гэта непакоіць польскіх фермераў

27.03.2024 15:30
Еўрапейскім фермерам складана канкураваць з украінскім збожжам, якое ў выніку расійскай вайны заваёўвае новыя рынкі ў Еўропе.
Аўдыё
  • Украінскае збожжа заваёўвае еўрапейскія рынкі
Збожжаskyradar/pixabay.com/CC0 Public Domain

Неўзабаве ў Польшчы адбудуцца польска-ўкраінскія міжурадавыя кансультацыі. Мэта сустрэчы – абмен інфармацыяй аб эканамічным становішчы абедзвюх краін з улікам уплыву вайны на транспарт, эканоміку і міжнародны гандаль, а таксама спроба вырашыць праблемы, якія ўзніклі ў эканамічных кантактах паміж абедзвюма краінамі.

Украіна з'яўляецца адным з вядучых пастаўшчыкоў збожжа на сусветныя рынкі. Гэтая краіна адказвае за прыкладна 7 працэнтаў сусветнай вытворчасці, у асноўным пшаніцы і кукурузы, а таксама займае важную пазіцыю на рынку алейных культур.

Да расійскай вайны ўкраінскае збожжа адпраўлялася пераважна на рынкі па-за ЕС, таму што доступ у Еўропу быў абмежаваны квотамі, гэта значыць лімітамі на асобныя партыі тавараў.

Украінскае збожжа паступала ў Кітай, Інданезію, Індыю, Турцыю і паўночную Афрыку. Каля 30 з 80 мільёнаў тон гадавой вытворчасці ішло ў гэтыя месцы. Засеву дадатковых угоддзяў спрыялі канкурэнтаздольнасць на рынку, добрая глеба, а таксама нізкія кошты энергіі.

Сітуацыю рашуча змяніла атака Расійскай Федэрацыі, якая скараціла магчымасці экспарту праз азоўскія і чарнаморскія парты, парушыла працу энергетычнай інфраструктуры і акупавала некаторыя тэрыторыі з урадлівымі глебамі. Такім чынам, Украіна страціла папярэднія рынкі, якія былі апорай экспарту, нагадвае генеральны дырэктар Польскай федэрацыі вытворцаў прадуктаў харчавання Анджэй Гантнер(Andrzej Gantner) :

- Што ў такой сітуацыі робіць Расія – найбуйнейшы экспарцёр збожжа ў свеце? Расія, выкарыстоўваючы хаос і блакаду ў экспарце і пачынае прапанаваць сваё збожжа па вельмі выгадных цэнах, здабываючы чарговыя экспартныя «плацдармы» ў многіх бедных краінах і ўзмацняючы там сваю пазіцыю. Гэта ўжо не толькі эканоміка, але нейкі від вайны паміж Расіяй і астатнім светам і будаванне зоны ўплываў. Можа варта паглядзець на падтрымку экспарту ўкраінскіх харчовых прадуктаў менавіта з такой шырокай перспектывы.

Велізарныя лішкі збожжа, якія заставаліся ў краіне, якая змагалася з расійскай агрэсіяй, патрабавалі тэрміновага збыту. На дапамогу прыйшла Еўракамісія, адмяніўшы пошліны і квоты на ўкраінскую сельскагаспадарчую вытворчасць і большасць прадуктаў харчавання.

Адпаведныя рашэнні былі прыняты ў траўні 2022 года. Цяпер механізм плануецца падоўжыць у трэці раз. Аднак рашэнні Бруселя суправаджаліся нарастаючымі праблемамі – кошты на збожжа на сусветным і еўрапейскім рынках – пасля першапачатковага павышэння імкліва ўпалі і падаюць дагэтуль. У сваю чаргу выраслі цэны на паліва, угнаенні і электраэнергію, неабходную для захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі.

Акрамя таго, Еўракамісія не адмовілася ад амбіцыйнай праэкалагічнай палітыкі, якую прадугледжвае «Зялёны парадак», які істотна мяняе ўмовы сельскагаспадарчай вытворчасці.

Вынік – хваля масавых пратэстаў, якая з рознай інтэнсіўнасцю працягваецца з сярэдзіны мінулага года. Сітуацыю часткова змякчыла польскае эмбарга на імпарт асноўных відаў збожжа з Украіны, якое перыядычна падтрымліваў Брусель да верасня мінулага года, кажа старшыня Збожжа-камбікормавай палаты Моніка Пянткоўска(Monika Piątkowska):

- Фермеры пратэстуюць у многіх краінах Еўрасаюза, напрыклад, у Германіі, Францыі. Пратэсты абгрунтаваныя паколькі тычацца дзвюх справаў: бягучых адносін ЕС-Украіна, то бок гандлёвай дамовы, а таксама доўгатэрміновай перспектывы далучэння Украіны да ЕС і наступстваў гэтага для канкурэнтнасці еўрапейскай сельскай гаспадаркі. Апрача таго, у Еуропе і Польшчы застаюцца лішкі збожжа, ад якіх зараз цяжка пазбавіцца.

Між іншым, з-за суседства, высокай сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама вялікага попыту з боку мясцовай сельскай гаспадаркі большасць украінскага экспарту збожжа ішла ў Польшчу. Цэнавая прывабнасць была настолькі выразная, што прадпрыемствы, якія працуюць у краіне, да канца мінулага года імпартавалі ў Польшчу амаль 3 мільёны тон кукурузы, мільён тон пшаніцы і 800 тысяч тон насення рапсу.

У працэнтных суадносінах істотна вырас таксама імпарт з мяса птушкі, цукру, мёду іг.д. Кампаніі ў іншых краінах рэгіёну таксама выйгралі ад таго, што расіяне часова дазволілі пастаўкі ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі чарнаморскім шляхам. Пасля закрыцця згаданага шляху, украінцы сталі карыстацца рачным транспартам па Дунаі, адначасова развіваючы супрацоўніцтва з румынскім портам у Канстанцы. Пастаўкі ў Еўропу стабілізаваліся, што занепакоіла фермераў, у тым ліку, з Польшчы:

- Зараз трэба ісці недзе на дадатковую працу, каб дафінансаваць сваю гаспадарку. Навошта тады працаваць, калі да гэтага бізнесу трэба яшчэ дакладаць.

- Гэта толькі пачатак праблемы, а будзе яшчэ горш. Мы ўжо другі год «на мінусе», а зараз шмат сведчыць пра тое, што зноў будзе мінус. «Зялёны парадак» сам узнікне, бо мы не будзем нічога вытвараць.

Перад новай пасяўной польскія фермеры баяцца паўтарэння сітуацыі з папярэдняга сезона. У іхных элеватарах і на складах застаецца амаль 9 мільёнаў тон збожжа, якое чакае лепшай канʼюнктуры. Пры вытворчасці больш за 30 мільёнаў тон у год ім давядзецца частку экспартаваць. Тым часам украінскае збожжа трапляе на еўрапейскія рынкі, падрываючы канкурэнтаздольнасць польскага, якое туды дагэтуль пастаўлялася.

Праблема збыту стала кашмарам, між іншым, для фермераў з Любліншчыны і Падкарпацця, дзе большасць аграрыяў зарабляе на жыццё расліннай вытворчасцю, кажа прадстаўнік арганізацыі «Ашуканая вёска» (Oszukana Wieś) фермер з Любліншчыны Веслаў Грынь(Wiesław Gryn):

- Украіна праз Чорнае мора прадае збожжа за годныя грошы. Мы прымушаныя канкураваць на еўрапейскіх рынках з украінскай прадукцыяй або праехаць усю Еўропу, каб шукаць рынку збыту на Арабскай паўвыспе ці ў Паўночнай Амерыцы. Пры тым, кошт фрахту для палякаў у тры разы большы, чым для ўкраінцаў. Украінцы плацяць 15-20 долараў, а палякі – 30-40 долараў.

Польскія ўлады летась і сёлета падтрымлівалі фермераў неадкладнымі дзеяннямі, напрыклад, прапанавалі субсідыі да збожжа. Аднак з моманту пачатку вайны ва Украіне не прадпрымаліся ніякія дзеянні па паскарэнню будаўніцтва інфраструктуры на мяжы, якая гарантавала б хуткі транспарт і перавалку збожжа ў балтыйскіх партах.

Да гэтага часу няма прыстані для экспарту, якая магла б апрацоўваць значна большыя партыі тавараў. Лідары ўсіх партый кіруючай кааліцыі ў Польшчы абавязаліся прыняць меры ў гэтым плане, падпісаўшы кааліцыйнае пагадненне, адзін з пунктаў якога тычыцца менавіта такіх інвестыцый.

На пачатку гэтага года ўрады Польшчы і Украіны стварылі працоўную групу па распрацоўцы сістэмы ліцэнзавання прадукцыі. Рашэнне дазволіла б імпартаваць пэўную колькасць украінскай прадукцыі на польскі рынак. Гэты механізм Кіеў выкарыстоўвае, напрыклад, у адносінах з Балгарыяй і Румыніяй.

Эфект некалькіх месяцаў працы будзе вядомы ў чацвер, калі ў Варшаве адбудуцца польска-ўкраінскія міжурадавыя кансультацыі.

мф/аз

ВМС Украіны: Украінскі збожжавы калідор дасягае даваеннага экспартнага ўзроўню

11.01.2024 19:01
Усяго да пачатку студзеня Украіна экспартавала 15 мільёнаў тон збожжа.

У Польшчы ўкраінскае збожжа высыпалі на дарогу – амбасада Украіны звярнулася ў паліцыю

12.02.2024 14:30
Амбасада Украіны ў Польшчы заклікала польскі бок адрэагаваць на інцыдэнт на мяжы, дзе пратэстоўцы выкінулі на дарогу збожжа з украінскіх грузавікоў.