Набліжаецца Дзень Святога Валянціна (14 лютага), калі людзі дораць сваім каханым шакаладныя ласункі. Выданне Rzeczpospolita піша, што Польшча стала адным з лідараў экспарту шакаладу. Гадавы экспарт шакаладных вырабаў перавысіў 12 млрд злотых, што робіць Польшчу трэцім па велічыні вытворцам салодкіх ласункаў у Еўропе і адным з найбуйнейшых экспарцёраў у свеце. За апошнія пяць гадоў экспарт вырас на 52%.
Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўлення статыстыкі (GUS) і кампаніі Akcenta, экспарт шакаладу ў 2024 годзе да лістапада вырас больш чым на 5% у параўнанні з 2023 годам, а канчатковы вынік будзе яшчэ вышэйшым дзякуючы святочным пакупкам у снежні.
«Паводле прагнозаў Euromonitor, у бліжэйшыя пяць гадоў кошт рынку шакаладных цукерак павінен перавысіць 189 мільярдаў долараў, што азначае яшчэ большыя магчымасці для польскіх вытворцаў», — распавядае выданню Радаслаў Ярэма (Radosław Jarema), дырэктар польскага аддзялення кампаніі Akcenta. «Дадатковы імпульс продажам даюць такія святы, як Дзень святога Валянціна, Вялікдзень ці Каляды», — адзначае дырэктар.
Паводле інфармацыі выдання, у 2023 годзе кошт сусветнага экспарту шакаладу і іншых прадуктаў, якія змяшчаюць какава, склаў 35 мільярдаў еўра, і, паводле звестак Цэнтра міжнароднага гандлю, на долю Польшчы прыходзіцца 7%. Найбуйнейшымі атрымальнікамі польскіх шакаладных вырабаў з'яўляюцца Германія ды іншыя краіны ЕС.
нг