Беларуская Служба

Кітайскі кашмар Маска. Tesla прайграе канкурэнцыйную барацьбу кітайскаму BYD

29.03.2025 11:19
Нядаўна Ілан Маск смяяўся, калі хтосьці назваў кітайскі BYD канкурэнтам Tesla.
 BYD
Электракар BYDкрыніца: www.byd.com

Кітайскі вытворца электрамабіляў BYD паказаў вынікі за 2024 год і «Tesla застыла». Аказалася, што па продажах кітайцы апярэдзілі свайго галоўнага канкурэнта ажно на 10 мільярдаў долараў, піша выданне Bankier.pl.

Кампанія BYD паведаміла аб павелічэнні выручкі на 29 працэнтаў, якая, як чакаецца, складзе каля 107 мільярдаў долараў. Такім чынам, яна выразна «абагнала» Tesla з яе 97,7 мільярдамі долараў.

Што тычыцца продажу аўтамабіляў, то кампаніі маюць падобныя вынікі: кліенты набылі 1,76 мільёна электрамабіляў у BYD і 1,79 мільёна ў Tesla.

Нагадаем, нядаўна Ілан Маск смяяўся, калі хтосьці назваў BYD канкурэнтам Tesla.

Акрамя таго, кітайская кампанія толькі што вывела на рынак больш танны аўтамабіль - адказ на Model 3 Tesla, які да нядаўняга часу быў самым прадаваным аўтамабілем у Паднябеснай.

Апроч таго, удасканаленая тэхналогія гідраўзмацняльніка рулявога кіравання «Божае вока» будзе даступная бясплатна на ўсіх мадэлях BYD.

Але гэта яшчэ не ўсё. На мінулым тыдні заснавальнік BYD Ван Чуанфу прадставіў новую зарадную прыладу, якая дазволіць скараціць час запраўкі батарэі да пяці хвілін. Зарадка Tesla займае 15 хвілін.

Толькі за гэты год акцыі BYD выраслі на 50 працэнтаў. Інвестары Tesla, у сваю чаргу, дзесяць тыдняў запар прадаюць акцыі кампаніі. У якасці адной з галоўных прычын яны называюць палітычную ангажаванасць Маска.

Калісьці Tesla была ўлюбёным транспартным сродкам «мабільных левых», як адзначае CNN News. Цяпер, пасля таго як Маск стаў эканамічным падручным Трампа, Tesla стала нязручнай не толькі ў Галівудзе. Вось чаму цэны на патрыманыя Tesla падаюць, нават калі цікавасць да патрыманых электрамабіляў у цэлым расце, піша Bankier.pl.

Дэманстрацыя сілы, напрыклад, пагрозы ФБР у бок вандалаў, якія разбураюць салоны Tesla, што іх будуць вінаваціць у тэрарызме, або заява Трампа аб тым, што ён сам купіў  электракар Tesla, не дапамагаюць.

У той жа час на кітайскіх вытворцаў электрамабіляў наклалі мыты ў ЗША і ЕС. Калі б не гэтыя гандлёвыя бар'еры, кітайскі BYD хутка стаў бы кашмарам Маска, піша Bankier.pl

яс