Каля 11 гадоў таму ў Польшчы назіраўся пік выдачы іпатэчных крэдытаў у швейцарскіх франках, людзі ахвотна бралі банкаўскую пазыку на набыццё кватэры, але крэдыт быў пераведзены са злотых у швейцарскую валюту. Тады курс франка быў не на шмат большы за 2 злотыя, але цягам некалькіх гадоў курс вырас да 4 злотых. І да нашых часоў утрымліваецца на высокім узроўні.
Агулам палякі ўзялі крэдыты ў іншаземнай валюце на суму 129 млрд. злотых – паведамляе Gazeta Wyborcza. Заўтра Еўрапейскі суд юстыцыі (англ. European Court of Justice) у Люксембургу прыме рашэнне, якое датычыць тысяч польскіх крэдытаў у швейцарскіх франках. Скаргу на польскі банк у Еўрапейскі суд унесла сям’я Дзюбакаў з Польшчы, якая мяркуе, што банк недастаткова інфармаваў кліентаў аб небяспецы, звязанай з ростам курсу франка. Калі Еўрапейскі суд прыме рашэнне ў карысць Дзюбакаў, гэта можа хістануць фінансавай сітуацыяй польскіх банкаў, асабліва тых, хто выдаваў найбольш валютных крэдытаў. На думку эканаміста прафесара Дарыюша Філяра, з патэнцыйных прыбыткаў банкаў знікла б каля 30 млрд. злотых.
Якое рашэнне можа прыняць Еўрапейскі суд юстыцыі? Або прызнаць крэдыт несапраўдным, але тады кліент павінен неадкладна вярнуць грошы, што будзе складана, або прызнаць, што крэдыт быў у польскіх злотых. Гэтае другое рашэнне эканамісты называюць нонсэнсам з эканамічнага пункту гледжання, паколькі пазыкі ў злотых значна даражэйшыя для банкаў, атрымаецца, што банкі ад іх страцяць, а не заробяць.
Хубэрт Ожэхоўскі/нг