Беларуская Служба

Дылема Лукашэнкі: стаць прэзідэнтам ці губернатарам?

03.01.2020 13:21
Мінск і Масква дагэтуль не дамовіліся аб сёлетніх цэнах на газ і нафту.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

Мінск і Масква дагэтуль не дамовіліся аб сёлетніх цэнах на газ і нафту. Тым часам, перамовы, якія зараз працягваюцца, будуць мець рашучы ўплыў як на сітуацыю беларускіх прадпрыемстваў, так і грамадзянаў, канстатуе Руслан Шошын на старонках газеты Rzeczpospolita.

Таннымі расійскімі энергарэсурсамі кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на працягу многіх гадоў тлумачыў грамадству самы нізкі ўзровень заробкаў у рэгіёне. Ніжэйшыя зарплаты, чым беларусы, атрымліваюць толькі грамадзяне Украіны, якая ўжо больш за пяць гадоў ваюе з Расіяй на ўсходзе краіны.

„Калі б Беларусі нарэшце давялося купляць расійскую сыравіну па сусветных цэнах, гэта была б іншая Беларусь. Гэта азначае змяншэнне заробкаў жыхароў у тры-чатыры разы. Палова працаздольных людзей з’ехала б за мяжу(…) Расія ніколі не ўтойвала, што сёлетнія цэны на сыравіну залежаць ад падпісання і рэалізацыі пагаднення аб далейшай інтэграцыі Беларусі і Расіі”, - кажа палітолаг і эканаміст з прэстыжнай Маскоўскай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў.

У сваю чаргу дэпутат беларускага парламента і былы намеснік кіраўніка беларускай дыпламатыі Валерый Варанецкі нагадвае, што Еўрасаюзу спатрэбілася каля 30-40 гадоў, каб прыйсці да адзінай валюты і звышнацыянальных органаў уладаў.

„Аднак у ЕС існуюць розныя ўмовы, гэты саюз створаны на прынцыпах свабоднага рынку і заснаваны на агульных каштоўнасцях. У выпадку супрацоўніцтва Беларусі і Расіі нельга сказаць, што мы маем справу са справядлівай рынкавай эканомікай і сумленнай канкурэнцыяй. Пакуль можна казаць выключна пра стварэнне адзінай эканамічнай прасторы, у якой кожны з бакоў меў б роўныя магчымасці”, - кажа Варанецкі.

Тым часам з першага дня новага года беларускія чыноўнікі выконваюць загад кіраўніка дзяржавы і шукаюць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты для беларускіх НПЗ. Яшчэ ўвосень Лукашэнка гаварыў пра магчымасць дастаўкі нафты па чыгунцы з партоў у Прыбалтыцы і рэверс нафты з Польшчы. Аднак праблема ў тым, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы прыстасаваныя да расійскай уральскай нафтай (Urals), якая мае крыху іншы хімічны склад і таннейшая, чым нафта тыпу Brent.

„Беларусі трэба было б правесці рэформы, інтэгравацца ў сусветную энергетычную сістэму, а гэта азначала б павышэнне коштаў на тавары ўнутры краіны”, - кажа ў газеце Rzeczpospolita беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

аз