Калі б парламенцкія выбары адбыліся ў бліжэйшую нядзелю, на іх перамаглі б «Аб'яднаныя правыя сілы», ядром якіх зʼяўляецца «Права і справядлівасць», пішуць на старонках газеты Rzeczpopolita. З моманту апошняга сацыялагічнага апытання IBRiS для тэлеканалу Polsat у чэрвені найбольш павялічыла сваю падтрымку апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя».
За «Абʼяднаныя правыя сілы» гатовы прагаласаваць 35% рэспандэнтаў, рост падтрымкі склаў 2% з моманту апошняга сацыялагічнага даследавання ў чэрвені. Аднак гэтым разам «Абʼяднаныя правыя» складаюцца толькі з дзвюх партыяў «Права і справядлівасць» і «Салідарная Польшча». Падтрымку партыі «Паразуменне» Яраслава Говіна, якая нядаўна пакінула ўрадавую кааліцыю, у апытанні ніхто не задэклараваў.
На другім месцы, паводле вынікаў апытання, апынулася апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя», яе гатовыя падтрымаць 24% апытанных, узровень падтрымкі павялічыўся на 7%.
У сваю чаргу моцнае падзенне зафіксавала «Польшча 2050» Шымона Галоўні, за гэтую палітычную сілу гатовы прагаласаваць толькі 12% апытаных. З чэрвеня рэйтынг «Польшчы 2050» упаў на 5%. За «Левыя сілы» гатовы прагаласаваць 8% (мінус 1% у параўнанні з чэрвенем), а за ультраправую «Канфедэрацыю» 7%. Паводле вынікаў апытання, у Сейм не праходзіць «Польская сялянская партыя», рэйтынг яе падтрымкі складае толькі 4%.
Апытанне зафіксавала надзвычай высокі адсотак тых, хто заяўляе аб намеры прыняць удзел у выбарах – такіх 46%.
эж