Беларуская Служба

Баявыя экстрасэнсы контрнаступу

28.04.2023 15:30
Калі не праз дзверы, дык праз вакно, вырашылі крамлёўскія прапагандысты і па меры змяншэння прагляду інфармацыйна-публіцыстычных праграмаў пачалі ўкараняць сваё бачанне свету з дапамогай «прароцтваў».
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjne Shutterstock

Па меры таго, як расіяне паступова губляюць цікавасць да ваеннай прапаганды, правільны з пункту гледзішча Крамля кантэнт падаюць у эфір з удзелам... варажбітаў. А на паслугі людзей са звышнатуральнымі здольнасцямі, якіх у Расіі аб'ядноўваюць «экстрасэнсамі», попыт – рэкордны.

Эзатэрычная матэматыка

«Геній 21 стагоддзя, сусветны філосаф і заснавальнік філасофскай матэматыкі Махамад Седзік Афган сустрэне вас у Маскве на канферэнцыі «Будучыня нашага свету з пункту гледжання філасофскай матэматыкі», – анансуе канал на YouTube. Афганец, які ў маладосці пераехаў у Санкт-Пецярбург, апошнім часам рэгулярна зʼяўляецца ў афіцыйных расійскіх СМІ. Нядаўна ён абвясціў, што зʼяўляецца галоўным супернікам прэзідэнта ЗША, які, у сваю чаргу, прадстаўляе таемны масонскі сусветны ўрад. Разам з тым Уладзіміра Пуціна лічыць «геніем», што, безумоўна, не перашкаджае яго медыйнай карʼеры.

На шчасце для расіян ў Махамада Седзіка Афгана ў асноўным добрыя навіны. У наступным годзе амерыканцы ў апошні раз будуць галасаваць за прэзідэнта, і іх краіна разваліцца. Такі ж лёс чакае і Еўрасаюз, праўда, крыху пазней. Ідэнтычныя прагнозы гучаць з вуснаў расійскіх аналітыкаў, якія лічацца сурʼёзнымі, таму выкрыцці прарока з Кабула не выклікаюць кагнітыўнага дысанансу. Тое ж самае нядаўна прагназаваў і сам Дзмітрый Мядзведзеў. Але ў афганца свой метад. Размова ідзе пра жангляванне лічбамі. У перадачы «Новыя расійскія сенсацыі» на канале НТВ Седзік падлічвае: «17 памнажаем на 17, потым на 7, атрымліваем 2023. Потым дзелім на 17, памнажаем на два, атрымліваем 238. Гэта ўран (у прыватнасці, яго малярная ці атамная маса. – Рэд.). Зноў ядзерны шантаж. Выходзіць 17 ліпеня 2023 г. У Афганістане 17 ліпеня 1973 г. адбыўся дзяржаўны пераварот. 50-гадовы цыкл. Вынік: «У 2027 годзе амерыканскай дзяржавы не будзе, а Расія заваюе Украіну».

Таблоіды таксама пішуць пра прароцтвы для суцяшэння сэрцаў. Нязменным элементам зʼяўляюцца прароцтвы Вангі, то бок Вангеліі Густэравай, якая для расіян ёсць тым, чым Настрадамус для заходняга свету. Яна памерла 27 гадоў таму, але новыя прароцтвы быццам яе аўтарства працягваюць агучваць. Пасля нападу на Украіну «Московский комсомолец» «адкрыў» прароцтва Вангі на 2022 год: «Вялікая краіна ўстане з каленяў і зойме вядучае месца ў свеце». Яно падазрона ўпісваецца ў лінію крамлёўскай прапаганды. А каб чытач не сумняваўся, таблоід піша, «даследчыкі мяркуюць, што размова ішла пра Расію».

Пра чараўнікоў на службе прапаганды, якіх называюць «Z-экстрасэнсамі», піша The Insider. Як адзначаюць журналісты, у другой палове студзеня 16 выпускаў ток-шоу «Малахаў» Андрэя Малахава, якое транслюе дзяржаўны канал «Расія-1», увайшлі ў спіс 100 самых папулярных праграм. Адзінаццаць з іх тычыліся розных паранармальных зʼяў.  The Insider цытуе назвы некаторых эпізодаў: «Чачэнскі прарок», «Статыст на фронце», «Прароцтвы афганскага матэматыка» (пісалі пра яго вышэй).

Калі раней варажбіткі і спецыялісты па картах Таро засяроджваліся на пошуку зніклых людзей і адказах на пытанні кшталту «Ён/яна мяне падманвае?», то цяпер яны аддаюць перавагу прадказваць (светлую) будучыню Расіі. Паралельна расце папулярнасць шоў «Малахава», як і роднаснага яму «Новыя рускія сенацыі» ці фармат «Бітвы экстрасэнаў», у якім мераюцца здольнасцямі людзі з рознымі, скажам так, звышнатуральнымі спецыялізацыямі.

Сілы зла

The Insider звязвае ўдзел чараўнікоў у дзяржаўнай прапагандзе з падзеннем папулярнасці тэлевізійных перадач. У 2014 годзе перадачу «Время» на Першым канале глядзелі 24 працэнты аўдыторыі, а ў 2022 годзе толькі 9 працэнтаў. Калі не праз дзверы, дык праз вакно, вырашылі прапагандысты. У выніку «ваенны экстрасэнс» генерал-палкоўнік Аляксей Савін кажа расіянам: «Мы былі рады бачыць, што наш кіраўнік Уладзімір Уладзіміравіч інтэлектуальна і духоўна мацнейшы за лідараў Еўропы і ЗША. Такога кіраўніка даў Бог». А 77-гадовы «чачэнскі прарок» Маўсар Адуеў, вядомы як Айзен, дадае, што «Расія – гэта месія, якая разам з усім сваім народам нясе выратаванне чалавецтву». На гэтым фоне «баявы экстрасэнс з КДБ» Іван Фамін, які прадказаў капітуляцыю Украіны ў 2022 годзе і страту ўлады Уладзімірам Зяленскім у 2023 годзе, нічога незвычайнага не сказаў. Бо нават аналітыкі прамахнуліся з прагнозамі.

– Гэты працэс пачаўся ў канцы лета 2022 года. У пачатку вайны ўлады прыпынілі некаторыя забаўляльныя праграмы на федэральных каналах. Увосень перадачы вярнуліся, і ў параўнанні з папярэднімі сезонамі ў іх пераважалі экстрасэнсы, варажбіткі, празорцы і г. д. Усе яны падаюць змест у рэчышчы ідэалагічнай лініі пуцінскай улады, – распавяла Каця Максімава з The Insider. – У многіх праграмах бачна атаясамліванне ворагаў з сатаной. Яшчэ адзін тэзіс – хутка ўсё наладзіцца, трэба толькі яшчэ крыху пацярпець. Пра гэта гаворыць Айзен, пра гэта гавораць Тамара Глоба і вайсковыя масавікі, якія наведваюць шоў Малахава.

Журналістка таксамас спасылаецца на амерыканскага гісторыка Моніку Блэк, якая ў сваёй кнізе «Зямля, захопленая дэманамі. Ведзьмы, цудадзейныя лекары і прывіды мінулага ў Германіі пасля Другой сусветнай вайны» (A Demon-Haunted Land. Witches, Wonder Doctors, and the Ghosts of the Past in Post WWII Germany) пісала пра бум эзатэрыкі пасля ваеннай паразы Берліна.

Галіна, якая найбольш хутка расце

«Уцягванне чараўнікоў у прапагандысцкую працу не дазваляе грамадзяніну пазбегнуць прапаганды нават у забаўляльных праграмах. Геніяльная ідэя, якая таксама працуе», – гаворыць Максімава. Бо час няпэўнасці, вайны і мабілізацыі спрыяе веры ў чараўніцтва.

Гэта пацвярджае і эканамічнае выданне «Ведомости». Яно паведамляе, што ў першым квартале 2023 года папулярнасць анлайн-сэрвісаў, якія прапануюць курсы магіі, вырасла ў 19 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года. Папулярная інтэрнэт-крама кніг і гаджэтаў Ozon.ru зафіксавала на 95% падвышэнне попыту на абярэгі. Падводзячы вынікі 2022 года ў эканоміцы, «Коммерсантъ» назваў эзатэрыку галіной, якая набйольш хутка расце ў Расіі.

У расіян можа быць адчуванне дэжа-вю. Папулярнасць паранавукі таксама рэзка ўзрасла адразу пасля распаду Савецкага Саюза. Няўпэўненыя ў заўтрашнім дні ў часы крызісу і пераўтварэнняў людзі шукалі суцяшэння ў варажбе і альтэрнатыўных метадах лячэння. Аскепкі гэтага ффеномену дайшлі і да Польшчы, напрыклад, у выглядзе сеансаў Анатоля Кашпіроўскага, які затым скарыстаўся сваёй папулярнасцю ды патрапіў у расійскі парламент у 1993 годзе ад імя нацыяналістычнай партыі Уладзімера Жырыноўскага.

У 2018 годзе Левада-цэнтр вывучаў стаўленне расіян да нябачнага свету. 38 працэнтаў апытаных заявілі, што памерлыя сваякі могуць уплываць на жывых. 40 працэнтаў – што знак задыяку можа паўплываць на лёс чалавека, 45 працэнтаў – што абярэгі здольныя прыносіць поспех, і 51 працэнт – што ёсць людзі, здольныя прадказваць будучыню. Кожны дзясяты жыхар Расіі прызнаўся, што карыстаўся паслугамі варажбіткі або астролага, а 23 працэнты чытаюць кнігі і часопісы падобнай тэматыкі. Прадстаўніца Левада-цэнтр Наталля Зорка ў інтэрвʼю «Коммерсанту» адзначыла, што павышэнне цікавасці да эзатэрыкі супала з дзяржаўнай прапагандай праваслаўя і людзі атаясамліваюць эзатэрыку з рэлігійнасцю. «Адзін і той жа чалавек можа пайсці і ў царкву, і да варажбіткі, і да астролага», – каментавала Зорка.

Dziennik Gazeta Prawna / вх