Беларуская Служба

«Магчымы далейшы наступ Расіі на Еўропу – гэта не гістэрыка»

01.12.2023 14:04
Ад расійска-ўкраінскай вайны стаміліся ўсе: Пекін і Масква, Кіеў, Берлін, Брусель і Вашынгтон. 
Харкаўская вобласцьPAP/Mykola Kalyeniak

«Магчымы далейшы наступ Расіі на Еўропу – гэта не гістэрыка», – піша на партале energetyka24.com палітолаг Вітольд Сакала.

«Мы павінны навучыцца абараняць свае карэнныя інтарэсы на інфармацыйным узроўні. Энергетычныя таксама. Бо ад гэтага залежыць не толькі тое, ці будзе ў нас цяпло ў дамах зімой, але перш за ўсё тое, ці будуць праз некалькі гадоў расійскія танкі і ракеты пагражаць усходняму флангу НАТА і Еўрасаюзу», – піша палітолаг.

Ён канстатуе, што ад расійска-ўкраінскай вайны стаміліся ўсе: Пекін і Масква, Кіеў, Берлін, Брусель і Вашынгтон. Гэта значыць, што калі ўкраінцам не ўдасца адносна хутка нанесці рашучы ўдар па агрэсару, кардынальна змяніўшы стратэгічную абстаноўку, то канфлікт фактычна замарозіцца. Верагодна, у форме спынення агню, вымушанага «астатнім светам» – і з гіганцкай масай расчаравання з абодвух бакоў.
«Перад заходнімі краінамі тады паўстануць два пытанні, – піша Вітольд Сакала. – Па-першае, ці можа Расія ў агляднай будучыні вырашыць паўтарыць агрэсію, асабліва скіраваную не толькі супраць Украіны (ці іншых постсавецкіх краін), але нават непасрэдна супраць краінаў ЕС і НАТА? А па-другое, што рабіць, каб такога не адбылося».

Паводле аўтара, гаворка пра гіпатэтычны будучы напад Расіі на заходнія краіны з'яўляецца не «гістэрыяй», як гэта называюць некаторыя каментатары, а спробай разабрацца з цалкам рэалістычнымі сцэнарамі. Калі сёння даць Крамлю выдыхнуць, перагрупаваць і ўзмацніць сілы, разабрацца ў сітуацыі ў сябе і ў адносінах з ключавымі знешнімі партнёрамі, то заўтра-паслязаўтра на еўрапейскай тэрыторыі могуць быць расійскія вайскоўцы і расійскія ракеты.

Вітольд Сакала ў гэтым кантэксце ўзгадвае нядаўні даклад незалежнага нямецкага аналітычнага цэнтра DGAP пад назвай «Прадухіленне наступнай вайны», які варта разглядаць як трывогу, адрасаваную палітычным элітам Еўропы. Аўтары акрэсліваюць наступствы «даць Расеі перадыхнуць», не робячы ілюзій адносна таго, з якой мэтай Масква скарыстаецца гэтай магчымасцю. Яны таксама паказваюць, якія выдаткі павінна панесці кожная краіна ЕС, у тым ліку Германія, у такім сцэнары. Прычым яны эканамічнага характару (рэзкае павелічэнне вайсковых выдаткаў замест далейшага субсідавання іншых сфер) і палітычнага (выбаршчыкам наўрад ці спадабаецца перспектыва прымусовага прызыву). І гэта без гарантыі поспеху, то бок надзеі на тое, што простага стрымлівання агрэсара за кошт нарошчвання ўласнага ваеннага патэнцыялу будзе дастаткова. Бо, на думку аналітычнага цэнтра DGAP, Расія, нягледзячы на знясіленасць цяперашняй вайной, будзе гатовая да прамога нападу хутчэй, чым Еўропа будзе гатовая да эфектыўнай абароны ад яго, піша Вітольд Сакала на партале energetyka24.com.

ав

ЗША паабяцалі ўзмацніць магчымасці ўкраінскай супрацьпаветранай абароны

01.12.2023 09:54
«Мы засяродзіліся на прасоўванні трох ключавых напрамкаў». 

Палітолаг: Заходнія палітыкі не націскаюць на Украіну, каб яна пачала мірныя перамовы

01.12.2023 12:13
Захад сапраўды стаміўся ад вайны ва Украіне, але на афіцыйным узроўні ніхто не цісне на Кіеў з патрабаваннем перамірʼя.