«Польская і амерыканская разведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расію і Беларусь», – расказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Адначасова Варшава спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць замяніць «ціхушак» і «лахушак», – сказаў ён. – Яны будуць шукаць і ствараць новыя лаяльныя Захаду і больш эфектыўныя. У ход пойдуць усе метады – ад банальных подкупу і шантажу да пагроз жыццю і здароўю вам і вашым блізкім і родным. У фокусе ўвагі можа быць хто заўгодна».
Агрэсіўныя выказванні Лукашэнкі пра суседзяў гучалі неаднакротна. Асабліва шмат і голасна гаварыў у 2020 годзе, нагадвае палітолаг Павал Усаў:
- У 2020 ён казаў, што пратэсты пасля выбараў былі правакацыяй Польшчы, якая намагаецца ўвайсці ў Беларусь. Таму тое, што Лукашэнка кажа сёння, мае даволі доўгую традыцыю, якая ўвасобілася ў рэальнай палітыцы рэжыму Лукашэнкі.
Паяўленне такіх слоў нанова можа быць звязана з выбарчай кампаніяй, якая і так праходзіць у адмыслова накручанай атмасферы істэрыі. Усё агулам укладаецца ў стварэнне атмасферы страху ў грамадстве. Улады хочуць пратэсціраваць, як выбарчая сістэма будзе працаваць у атмасферы напружання і тэрору. Гэта праца на перспектыву, на выбары 2025 году. Лукашэнка абраў традыцыйную для сябе тактыку: крэпасці ў аблозе, якой патрэбная інтэнсіўная мабілізацыя, дэманстрацыя сілы.
Па-трэцяе, можна гаварыць пра канкурэнцыю двух найбольш уплывовых сілавых структур: КДБ і МУС, асобнай яго часткі, спецадзінкі, якія каардынуе Карпянкоў, які апошнім часам стаў палітычна вельмі актыўным. Яго статус расце. Раней ці пазней гэта прывядзе да сутыкнення з КДБ. Кожная з гэтых структур намагаецца прадэманстраваць сваю эфектыўнасць, стварыць атмасферу пагрозы, з якімі яны змагаюцца. У тым ліку паказаць Лукашэнку, што без такіх дзеянняў сістэма ўпадзе. То бок тут яшчэ ёсць элемент стварэння штучнай атмасферы пагрозы, каб павялічыць свае ўплывы ў сістэме.
Поўны каментар - у далучаным гукавым файле.