Цягам апошніх гадоў не толькі Польшча, але і ўся Еўропа ажыццяўляе вялікія закупкі зброі. Самым папулярным пастаўшчыком з'яўляюцца ЗША, якія пад кіраўніцтвам Дональда Трампа, кардынальна змянілі сваю палітыку ў адносінах да Расіі, Украіны і ЕС. Ці ёсць рызыка, што амерыканцы могуць «адключыць» сваю ваенную тэхніку і, у тым ліку, палякі застануцца безабароннымі?, задумоўваецца журналіст Business Insider Polska Матэвуш Мадэйскі.
Здавалася, што знішчальнікі F-35, верталёты Apache, пускавыя ўстаноўкі Patriot, танкі Abrams, гэта ідэальны страхавы поліс на выпадак узброенага крызісу, але тэмпы, з якімі Дональд Трамп адмовіўся ад ваеннай падтрымкі Украіны, прымушаюць задумацца, ці Польшча таксама можа раптам стаць безабароннай? Паводле Financial Times, падобныя пытанні адносна верагоднасці ЗША зараз задае ўся Еўропа.
Напрыклад, Данія, у якой ёсць амерыканскія знішчальнікі F-35, задумоўваецца пра гэта ў кантэксце пагрозаў, якія Дональд Трамп накіраваў у адрас Грэнландыі - залежнай ад Даніі тэрыторыi. Ці, калі б дайшло да канфлікту з ЗША, змогуць датчане абараняць сябе з дапамогай амерыканскіх знішчальнікаў?
«Афіцыйна прадстаўнікі абаронных кампаній кажуць, што няма «чароўнай кнопкі», якая адключае, напрыклад, самалёты F-35. Аднак, неафіцыйна, абаронная прамысловасць заяўляе, што сучасныя сістэмы настолькі напоўнены электронікай, што прадуцэнт можа, як мінімум, хутка ўскладніць жыццё тым, хто выкарыстоўвае такую зброю», - кажа ў інтэрв'ю Business Insider Polska Марыюш Цельма з Nowa Technika Wojskowa.
У сваю чаргу суразмоўцы Financial Times пераконваюць, што адключыць самалёты можна ўжо з дапамогай «невялікай часткі кода».
Марыюш Цельма называе і іншыя пагрозы, акрамя раптоўнага «адключэння» перадавых самалётаў. «Блакаванне зброі можа быць уведзена і іншымі спосабамі, напрыклад, спыненнем паставак запчастак. Украінцы ўжо занепакоеныя дэфіцытам запчастак для такой зброі, як Strykers і Bradley. Можна паспрабаваць набыць такія запчасткі на «чорным рынку». Можна таксама распрацаваць свае ўласныя заменнікі - але гэта заўсёды вялікая праблема. Так што гэта таксама спосаб нейтралізацыі тэхнікі», - адзначае эксперт.
Дарэчы многім відам узбраення з ЗША зараз альтэрнатывы няма? Напрыклад, знішчальнікам F-35 - еўрапейская канкурэнцыя тут не хутка з'явіцца. Таксама складана знайсці неамерыканскую канкурэнцыю такім сістэмам, як Patriot або HIMARS. Аднак Польшча купляе таксама шмат зброі з іншых крыніц - напрыклад, танкі, гаўбіцы і больш лёгкія самалёты з Паўднёвай Карэі, танкі «Леапард» з Германіі.
Да нядаўняга часу эксперты здзіўляліся, што Польшча закупляе зброю з розных напрамкаў, што ўскладняе перамовы па стаўках і лагістыцы. Цяпер можа аказацца, што такая «дыверсіфікацыя» паставак пойдзе нам на карысць.
Тым не менш Еўропа шмат у чым залежыць ад ЗША. Возьмем ядзерную зброю. Французы стваралі свой ядзерны арсенал самастойна, а брытанцы - не. Іхныя ракеты арандаваныя ў ЗША і рэгулярна вяртаюцца на амерыканскую базу ў штаце Джорджыя для праверкі.
«Набыццё зброі - гэта заўсёды палітычнае рашэнне - тое, што мы набылі столькі зброі ў ЗША, вынікае з таго, што мы проста ставіліся да гэтай краіны, як да стабільнага партнёра», - адзначае Марыюш Цельма. Эксперт нагадвае, што падобным чынам пра ЗША думалі не толькі ў Варшаве, але таксама ў Лондане. Парыж быў настроены скептычна - і цяпер такі падыход здаецца больш разумны.
Між тым, трансатлантычны развод пакуль не вырашаны. Амерыканскія абаронныя кампаніі, якія прадаюць зброю ў Еўропу, напэўна гэтага не хацелі б. Непрадказальнасць Дональда Трампа пагражае стратай дзясяткаў мільярдаў долараў. Між тым, гэта не сакрэт, што ўплыў амерыканскай абароннай прамысловасці ў Вашынгтоне велізарны, канстатуе Business Insider Polska.
аз