Беларуская Служба

Названыя важнейшыя пытанні на час старшынства Польшчы ў РБ ААН

30.07.2019 09:02
Падчас польскага старшынства запланаваныя некалькі сустрэч на самым высокім узроўні.
Аўдыё
  • Міністр замежных спраў назваў важнейшыя пытанні падчас старшынства Польшчы ў РБ ААН
Сцяг ААНShutterstock

У жніўні гэтага году Польшча на месяц возьме на сябе старшынства ў Радзе бяспекі ААН. Міністр замежных спраў дзяржавы назваў самыя важныя тэмы, якія прадстаўнікі краіны намераны закрануць падчас польскага старшынства. 

Яцэк Чапутовіч згадаў пра тры самыя важныя вектары дзейнасці, звязаныя са старшынствам Польшчы ў Радзе бяспекі ААН. Нагадаем, Польшча будзе старшынстваваць у гэтай міжнароднай структуры ў жніўні бягучага году. Па словах міністра замежных спраў, для Польшчы самыя важныя наступныя тэмы: міжнароднае права, гуманітарныя прававыя аспекты і бяспека ў нашым рэгіёне.

Падчас польскага старшынства запланаваныя некалькі сустрэч на самым высокім узроўні, прысвечаныя між іншым гуманітарнаму праву, сітуацыі дзяцей падчас узброеных канфліктаў, а таксама бяспецы на Блізкім Усходзе.

Яцэк Чапутовіч адзначыў, што Польшча намерана заангажавацца ў міратворчую місію ААН у Ліване.

- Пасля больш чым дзесяцігадовага перапынку мы вяртаемся да ўдзелу ў міратворчых місіях ААН. Восенню бягучага году мы далучаемся да міратворчай місіі ААН у Ліване ў рамках больш шырокага кантынгенту Ірландыі. Нельга сказаць, што наш удзел зусім маленькі – 230 польскіх салдат будзе ўдзельнічаць у дадзенай місіі.

Кіраўнік польскага міністэрства замежных спраў згадаў таксама пра папярэдняе старшынства Польшчы ў Радзе бяспекі ААН. Ён падкрэсліў, што падчас польскага старшынства ў Радзе бяспекі ААН восем разоў адбыліся дэбаты на тэму сітуацыі ва Украіне, а раней прайшла толькі адна падобная дыскусія. На пытанне журналіста Польскага радыё пра вынік гэтых сустрэч, кіраўнік польскага дыпламатычнага ведамства адказаў, што гаворка ідзе пра тое, каб як мага часцей закранаць на міжнароднай арэне тэму расейскай агрэсіі ва Украіне.

- І гэта ўдалося. Нельга сказаць, што свет забыў пра гэтую праблему. Канешне, мы не толькі казалі пра агрэсію, а гэта была звычайная агрэсія, неабходна называць рэчы па імёнах. Паралельна мы праводзілі двухбаковыя сустрэчы, заяўлялі пра нашу падтрымку незалежнасці, суверэнітэту і інтэгральнай цэласнасці Украіны ў межах, акрэсленых міжнароднымі законамі.

Яцэк Чапутовіч сказаў таксама, што па ініцыятыве Польшчы Парламенцкая асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адзінагалосна прыняла рашэнне ўстанавіць 22 жніўня Міжнародным днём памяці ахвяр актаў гвалту паводле рэлігійнай прыкметы або веравызнання. Згодна дакладам і даследаванням розных арганізацый, большасць актаў гвалту (каля 80%) датычаць хрысціянаў.

- У сваю чаргу мы мяркуем, што неабходна бараніць прадстаўнікоў кожнай рэлігіі, калі яны сустракаюцца з пераследам або рэпрэсіямі. Калі праходзіла абмеркаванне прапановы, каб устанавіць такі Міжнародны дзень памяці ахвяр гвалтоўных дзеянняў паводле рэлігійнай прыкметы, мы пачулі словы падтрымкі ад прадстаўнікоў шматлікіх краін. Агулам дадзеная тэматыка з’яўляецца вельмі актуальнай. Мы яе закранулі пасля атак на хрысціянскую абшчыну ў Шры-Ланцы, але з іншага боку, тады ж здарыліся нападзенні на мусульманаў у Новай Зеландыі. Так што, на нашу думку, гэта ўніверсальная праблема.

Да канца гэтага году Польшча будзе ўдзельнічаць у працы Рады бяспекі ААН у якасці непастаяннага члена. 1 студзеня 2020 году месца Польшчы зойме Эстонія. Пры гэтым польская дзяржава хадайнічае за месца ў Радзе правоў чалавека ААН на гады 2020-22. Выбары ў дадзеную структуру пройдуць у сярэдзіне кастрычніка. Па словах міністра замежных спраў Польшчы Яцэка Чапутовіча, Польшча ў Радзе правоў чалавека ААН хацела б між іншым закрануць тэматыку парушэння правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратыі ў Беларусі.

ІАР ПР/нг

слухайце аўдыё-файл