У мінскі следчы ізалятар трапілі старшыня СПБ Анжэліка Борыс і трое членаў галоўнай управы саюзу: Анджэй Пачобут з Гродна, Марыя Цішкоўская з Ваўкавыска ды Ірэна Бернацкая з Ліды. Польскія дзеячы былі затрыманыя 25 сакавіка ў сувязі з абвінавачаннямі беларускай пракуратуры, якія датычаць ушанавання памяці польскіх герояў антыкамуністычнага падполля ў Польшчы, у тым ліку «выклятых» жаўнераў.
Раней, два тыдні таму, прайшлі праверкі ў польскіх школах. Прадстаўнікі пракуратуры і чыноўнікі па пытаннях ідэалогіі правяралі, якім чынам адбываецца навучанне польскай мове і як адзначаюцца польскія святы. Па словах дырэктара Польскай грамадскай школы імя Стэфана Баторыя ў Гродне Дануты Карповіч, пасля такіх праверак паяўляюцца боязі, ці магчыма будзе далей вучыць дзяцей, хаця настаўнікі паважаюць усе нацыянальнасці.
- У нашай школе ніколі не гучаў антыбеларускі змест, ніколі. У нашай школе самы важны вучань, у нас ніколі ніхто не пакутаваў па прычыне сваёй нацыянальнасці. Мы ніколі не пытаем пра нацыянальнасць дзяцей, не пытаем, дзе працуюць бацькі нашых школьнікаў. Мы працуем, захоўваючы пашану да кожнай нацыянальнасці, да кожнага вучня.
Меркаваннем віцэ-міністра замежных спраў Польшчы Шымана Шынкоўскага вэль Сэнка (Szymon Szynkowski vel Sęk), беларускі рэжым свядома імкнецца да эскалацыі канфлікту з польскай меншасцю, каб адцягнуць увагу грамадскасці ад унутраных праблем. Аб гэтым сведчаць рэпрэсіі супраць польскіх дыпламатаў і польскіх дзеячаў у Беларусі. На думку міністра, такім чынам Лукашэнка хоча адцягнуць увагу ад таго, што яго рэйтынг сярод жыхароў Беларусі ўпаў вельмі нізка. Шукаючы ворага, ён імкнецца кансалідаваць грамадства і ўтрымаць уладу.
- Ён стараецца знайсці вінаватага ў яго праблемах, якога зможа прадставіць грамадскай думцы ў якасці ворага. Палякі, на жаль, выступаюць у гэтай ролі ў дадзены момант. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб перашкодзіць Лукашэнку такім чынам прадстаўляць абстаноўку, калі за ўсе праблемы можна ўскласці віну на палякаў. На самой справе ў праблемах Лукашэнкі вінаваты ён сам ды ягоны сусед, Расія, якая з ім супрацоўнічае і якая падтрымлівае такія кампаніі.
Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк адзначае, што Польшча імкнецца, каб праблема рэпрэсіяў супраць палякаў у Беларусі стала тэмай абмеркавання на міжнароднай арэне, а не толькі ўнутры Польшчы. І гэта ўдаецца.
- Гэта дзеянні не двухвектарныя, а шматвектарныя. Дзякуючы гэтаму назіраецца салідарнасць з боку шматлікіх еўрапейскіх палітыкаў. Вызваліць затрыманых палякаў заклікаў між іншым Жазэп Барэль (Josep Borrell – вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі – рэд.), таксама шэраг іншых высокапастаўленых палітыкаў ЕС. Такі ж зварот прагучаў з вуснаў прэзідэнта Эстоніі, старшыні кіроўнай партыі CDU ў Германіі. Сваё абурэнне выказваюць таксама дыпламатычныя прадстаўніцтвы – пасольства Францыі, пасольства Нідэрландаў.
Гэта не першыя рэпрэсіі супраць польскай меншасці ў Беларусі. Дзеячаў затрымлівалі і раней, але на гэты раз ім пагражаюць не толькі папулярныя «суткі», але таксама крымінальная справа, і нават да 12 гадоў турэмнага зняволення. Беларускія суды апошнім часам практычна не прымаюць апраўдальных прысудаў. На думку эксперта з Цэнтру ўсходніх даследаванняў Войцеха Кананьчука (Wojciech Konończuk), Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут могуць атрымаць па некалькі гадоў турмы. Такім чынам Лукашэнка помсціць Польшчы, якая актыўна ўключылася ў абарону беларусаў, рэпрэсаваных рэжымам, дзе працуе блогер Нехта і іншыя СМІ, што вяшчаюць інфармацыю, якую беларускія ўлады лічыць варожай.
- У Польшчы, а таксама ў Вільні, прабывае палітычная апазіцыя з Беларусі. Тут працуюць антырэжымныя СМІ, на чале з Белсатам, тут дзейнічае Нехта (С. Пуціла – рэд.). Беларускі рэжым пераносіць уласныя праблемы на вонкавага ворага, а палякі выдатна падыходзяць да ролі такога ворага. Іх можна прадставіць як тую частку грамадства, якая імкнецца дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, пятую калону. Такім чынам, польскія дзеячы сталі з аднаго боку закладнікамі, а з іншага боку гэта помста Польшчы за яе актыўнае стаўленне ў карысць падтрымкі пратэстаў у Беларусі. На маю думку, гэта таксама асабістая помста Аляксандра Лукашэнкі за фільм «Залатое дно», у якім паказана яго маёмасць. Фільм паглядзела звыш 6 млн. чалавек. Рэжым лічыць, што гэта вынік не актыўнасці беларускай эміграцыі, як было на самой справе, а змова заходніх спецслужбаў супраць беларускага лідара.
Затрыманні дзеячаў польскай нацменшасці не дапамогуць беларускім уладам справіцца з іх праблемамі. Нягледзячы на тое, што жорсткімі рэпрэсіямі ўдалося збіць масавую пратэставую актыўнасць, праблемы не зніклі. Надалей вялікая частка беларускага грамадства лічыць, што ўлада Аляксандра Лукашэнкі закончылася, ён ужо перастаў быць прэзідэнтам дзяржавы. Таксама практычна ўсе суседзі Беларусі, акрамя Расіі, лічаць яго захопнікам улады. У такой сітуацыі найлепшым выхадам было б правядзенне новых выбараў, да чаго заклікаюць і Польшча, і іншыя краіны Еўрапейскага Саюзу, а таксама ЗША, – кажа намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz).
- Польшча, таксама, як іншыя дзяржавы Еўропы ды ЗША, з самага пачатку крызісу, з 9 жніўня, калі адбыліся прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, заклікае паўтарыць галасаванне. Тыя выбары, якія прайшлі ў жніўні мінулага года, парушалі ўсе цывілізаваныя стандарты.
Учора пра неабходнасць паўторнага правядзення выбараў казала ў польскім парламенце таксама лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская. Яна была госцем канферэнцыі «Беларусь 2021», зладжанай у Сенаце – вышэйшай палаце парламенту.
нг