Расіяне бачачы сваю бездапаможнасць і таму ідуць у бок эскалацыі жорсткасці, таму неабходна ўзмацніць санкцыі і ўдарыць па тым, што Маскве баліць найбольш, кажа віцэ-прэм’ер і старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі ў інтэрв'ю выданню Gazeta Polska.
«Расійская Федэрацыя нясе вялікія страты, у тым ліку і ў вярхоўным камандаванні. Усё гэта сведчыць аб тым, што на сённяшні дзень відавочнага рашэння сітуацыі няма. Расійскія войскі рыхтуюцца да новага наступу – сцягваюць войскі з розных куткоў свету, але пакуль цяжка сказаць, ці зменяць гэтыя сілы сітуацыю на фронце», – сказаў віцэ-прэм’ер, дадаўшы, што таксама цяжка ацаніць рэальны стан украінскай арміі.
«Трэба прытрымлівацца адной з апошніх заяваў Пентагона, што вайна будзе працяглай. Я таксама так думаю. Усё сведчыць аб тым, што гэта будзе доўгая вайна», – сказаў Яраслаў Качыньскі. На ягоную думку, расійскі бок ідзе ў напрамку эскалацыі жорсткасці.
«Крэмль загадаў іншую тактыку – знішчэнне. Ён будзе бамбіць і абстрэльваць цывільныя будынкі, каб сеяць смерць і тэрор. Мэта расіян – зламаць волю ўкраінцаў да барацьбы праз жорсткасць. Гэта цалкам злачынная тактыка, якая павінна напалохаць, забіць або выганяць людзей» – ацаніў Качыньскі.
«Хуткага канца гэтаму генацыду не будзе. Тым больш, што ён не сустракае адэкватнай рэакцыі ў свеце», – сказаў старшыня ПіС. «Захад павінен сурʼёзна ўдарыць па Расіі. Такія санкцыі дзейнічалі б хутка. Аднак па гэтай справе застаецца вета Германіі (…), якая па-ранейшаму бачыць сябе партнёрам Масквы, а расійскія энергарэсурсы лічацца асновай для пашырэння нямецкай эканомікі», – дадаў польскі палітык.
Старшыня кіроўнай партыі таксама прызнаў, што заўсёды існуе небяспека пашырэння вайны за межы Украіны. Таму, паводле яго, краіна з буйной і добра ўзброенай арміяй – гэта бяспечная краіна. На пытанне выдання Gazeta Polska, ці ў гэтым кантэксце, Польшча павінна валодаць ядзернай зброяй, Яраслаў Качыньскі адказаў: «Як грамадзянін я магу сказаць, што я хацеў бы, каб Польшча мела ядзерную зброю. Аднак, як адказны палітык, я павінен ацаніць гэтую ідэю, як нерэальную».
аз