Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што свет не можа адтэрміноўваць увядзення новых пакетаў санкцый супраць Расіі. Падчас штодзённай вячэрняй прамовы прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што іх трэба ўводзіць неадкладна, а не ў адказ на чарговыя жорсткія дзеянні Расіі:
- Эмбарга на пастаўкі расійскай нафты ў Еўропу не будзе ўведзена, пакуль Расія не прымяніць хімічную зброю ва Украіне. У мяне на гэта няма слоў. Падумайце, што здарылася. Мы, жывыя людзі, павінны чакаць, пакуль супраць нас будзе ўжытая хімічная зброя. Але тое, што робяць расійскія войскі, заслугоўвае неадкладнага эмбарга. Хіба не заслугоўвае прымяненне фосфарных бомбаў? А абстрэл хімзаводу ці атамнага даследчага цэнтра не заслугоўвае?
Уладзімір Зяленскі таксама паведаміў, што расійскія войскі, якія акружаюць Марыупаль, не пагадзіліся на адкрыццё ніякіх гуманітарных калідораў.
Сёння былі ўзгодненыя тры гуманітарныя калідоры ва Украіне, паведаміла віцэ-прэм'ер Ірына Верашчук. Эвакуацыя жыхароў пройдзе ў Данецкай і Запарожскай абласцях. З Марыупаля ў Запарожжа людзі могуць ехаць на ўласных аўтамабілях. 34 аўтобусы адправіліся з Запарожжа для эвакуацыі жыхароў Марыупаля з Бярдзянска.
Сёння ў Запарожскай вобласці дзейнічаюць два гуманітарныя калідоры: з Мелітопаля ў Запарожжа і з Энергодара ў Запарожжа.
Тым часам расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Мікалаеве на поўдні Украіны. Разбураны будынак аблдзяржадміністрацыі. Гарадскія ўлады перасцерагаюць ад далейшых авіяудараў і заклікаюць жыхароў схавацца ў бункерах.
IAR /аз