У расійскіх СМІ з'явілася паведамленне пра нібыта затрыманне польскага шпіёна, які меўся перадаць польскім службам сакрэтную інфармацыю. Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Анджэй Шэйна заявіў у інтэрвʼю парталу Onet, што гэта фэйкавыя навіны.
Расійскія СМІ паведамляюць: «ФСБ затрымала супрацоўніка прадпрыемства ў Пезьненскім раёне (знаходзіцца ў цэнтры еўрапейскай часткі Расіі) за супрацоўніцтва з польскімі спецслужбамі».
Кампанія, дзе працаваў меркаваны шпіён, мае статус «асаблівай важнасці». Такім чынам вызначаюцца спецыяльныя і ваенныя тэрыторыі, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі, якія павінны працаваць з дадатковымі мерамі бяспекі. Іх бяспекай займаецца ФСБ.
Onet звязаўся з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Анджэем Шэйнам.
– Расія – дзяржава-агрэсар, а Пуціна пераследуе Міжнародны крымінальны суд. Таму любая інфармацыя ад расійскага боку ў сітуацыі, калі мы прыкладаем усе магчымыя намаганні для падтрымкі Украіны на эканамічным, сацыяльным і ваенным узроўнях, павінна лічыцца фэйкам, – сказаў ён парталу і дадаў, што гэта інфармацыйная вайна паміж дэмакратычным і тэрарыстычным светам.
Паводле інфармацыі ТАСС, затрыманы – грамадзянін Расіі, займаўся шпіянажам на карысць Польшчы і ўзамен чакаў дапамогі ў выездзе за мяжу.
Агенцтва ТАСС апублікавала запіс затрымання і ператрусу ў меркаванага шпіёна. У яго нібыта былі чатыры тэлефоны, шмат грошай у доларах і нават Канстытуцыя РП.
яс