Беларуская Служба

Сырэсь Баляень: Распад Расіі адкрые акно магчымасцей для нярускіх народаў

14.11.2024 15:11
Расійскія апазіцыянеры нярэдка застаюцца на пазіцыях адзінай і непадзельнай Расіі, — лічыць галоўны старэйшына эрзянскага народа.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". С.Баляень пра эрзю і іншыя народы РФ.
 .
Сырэсь Баляень.Сырэсь Баляень

Г. зв. рускі свет атаясамліваецца з Расіяй. Але гэты «свет» вядзе вайну не толькі супраць Украіны, але і супраць Беларусі, прычым рукамі ўлад Беларусі. Адзін з тых, хто ведае гэты «свет» яшчэ з савецкіх часоў, Сырэсь Баляень (Аляксандр Болькін), інязор (галоўны старэйшына) эрзянскага народа ў Мардовіі, рэспубліцы паміж Масковой і Татарстанам. Лёс эрзянскага народа падобны да беларускага.

Сырэсь Баляень нарадзіўся ў Саранску, сталіцы Мардовіі, рэспублікі ў складзе РФ, дзе пражываюць карэнныя народы гэтай часткі Еўропы — эрзя і мокша. Цяпер Баляень жыве ў Кіеве. Ён таксама з’яўляецца сузаснавальнікам грамадскага руху «Свабодны Ідэль — Урал», які ставіць за мэту здабыццё незалежнасці расійскімі нацыянальнымі рэспублікамі — Марый Эл, Татарстанам, Удмуртыяй, Башкартастанам.

З Сырэсем Баляенем мы абмяркоўваем механізм унутранай агрэсіі г. зв. рускага свету — у адносінах да карэнных народаў РФ, былых СССР і Расійскай імперыі. Бо цяперашняя знешняя агрэсія супраць Украіны з’яўляецца працягам даўняй палітыкі расійскага імперыялізму.

Бальшавікі перафарматавалі Расійскую імперыю ў Савецкі Саюз. І тады, пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, ім былі патрэбны нярускія народы. Тады бальшавікі былі яшчэ слабыя, няўпэўненыя, яны шукалі саюзнікаў і нам тады шмат чаго паабяцалі. У 1920-1930-я гады яны звярталіся да іншых народаў на іх мовах, у тым ліку на маёй роднай — эрзянскай мове. Яны стварылі тады спачатку мардоўскую акругу, а потым і рэспубліку. І гэта спрыяла нашаму нацыянальнаму станаўленню. А потым пачалася калектывізацыя, галадамор як ва Украіне, Казахстане, рэпрэсіі. Бальшавікі зразумелі, што нярускія народы могуць стаць сілай, якая здольная паўстаць супраць іх. І калі бальшавікі адчулі ўласную сілу, мы ім перасталі быць патрэбныя. У 1937 годзе паўтары тысячы чалавек нашай інтэлігенцыі расстралялі, 8 000 саслалі ў лагеры і ніхто практычна з іх не вярнуўся. Ссылалі за паэмы, за артыкулы... А да 1937 года нават навучанне ў школах было, недзе да чацвёртага класа, а дзесьці да сёмага на эрзянскай мове. Былі падручнікі. Але яны знішчаны. Аднак людзі, якія па іх вучыліся, іх памятаюць. З такімі сведкамі я асабіста размаўляў.

Аналагічную “гульню” бальшавікі выкарысталі і да іншых народаў СССР, у тым ліку да беларусаў. Спачатку праводзілі беларусізацыю, а потым аднавілі русіфікацыю. Баляень Сырэсь заўважыў, што Масква дае пэўныя палёгкі карэнным народам Расіі ў крытычныя для сябе перыяды. Але не за проста так.

Калі мы ім былі патрэбны як салдаты на фронце, яны нас прызывалі. Так было падчас Другой сусветнай вайны. І тады нас мэтанакіравана не знішчалі. А пасля вайны ў нашым краі было два гады голаду... У брэжнеўскія часы нічога асаблівага не адбывалася. Па інерцыі вывучалася наша мова. Выходзілі афіцыйныя газеты і перадачы на ​​нацыянальных мовах, якія былі нецікавыя. Бо ўсё, што было цікава, і асноўная прапаганда былі на рускай мове.

Сырэсь Баляень успамінае, што ў 1990-я гады расійскія «дэмакраты» падлашчваліся да нярускіх народаў Расіі, маючы патрэбу у іх падтрымцы ў барацьбе за ўладу ў Крамлі. Але потым зноў адбываўся адкат — да г. зв. рускага свету.

У пачатку 1990-х гг. і нават крыху раней ім сталі патрэбны нацыянальныя рэгіёны: яны пагадзіліся, што ў нас будзе суверэнітэт, што будзем выбіраць сваіх прэзідэнтаў, што нашы мовы будуць дзяржаўнымі. І да чацвёртага класа навучанне ў школах вялося на родных мовах. Але ад гэтага нічога не засталося. Дзяржава адбылася — Расійская Федэрацыя, але ўсё, што мела адносіны да федэратыўнага ладу, паступова, крок за крокам знішчана. Па меры таго як у Маскве набіралі ўпэўненасці, паверылі ў свае сілы (гэта 2008-2010 гады), яны ўжо больш не цырымоніліся. Паціху скарачалі навучальныя праграмы на мовах карэнных народаў РФ, а пачынаючы з 2017 года, калі Пуцін адчуў небяспеку з боку нацыянальных рэспублік для адзінства РФ і сваёй улады ў ёй, то тады пачалася атака. Напрыклад, з пракуратуры сталі наведвацца ў школы на мовах карэнных народаў РФ. А цяпер у вучэбнай праграме, напрыклад, у Мардовіі, засталося толькі 2 гадзіны ў тыдзень на выкладанне эрзянскай і макшанскай моў. У выніку за апошнія 10 гадоў паводле перапісу носьбітаў гэтых моў стала на 260 000 менш.

Сырэсь Баляень скептычна адносіцца і да дзейнасці г. зв. добрых рускіх.

На маёй памяці ніколі не было такога, каб хтосьці з г. зв. добрых рускіх падтрымліваў нас у нашым жаданні стварыць свабодную і незалежную дзяржаву. Я быў на адным са з'ездаў расійскай апазіцыі і аказалася, што яны далёкія ад нашых народаў. Яны пра нас нічога не ведаюць, не ўяўляюць сабе нашай сітуацыі. Што і гаварыць, калі мадэратар на з’ездзе блытае Разань і эрзян, калі малады чалавек расказвае, што татары быццам самі вінаваты, што знікае іх мова, бо, маўляў, не стварылі ніякіх твораў, нічога такога, што цікава пачытаць.

Сырэсь Баляень лічыць некаторыя выказванні рускіх апазіцыянераў і эмігрантаў, праціўнікаў Пуціна, толькі тактычнай рыторыкай.

Цяпер, калі ідзе вайна, некаторыя з іх вымушаны гаварыць пра тое, што быццам бы не адмаўляюць нам у праве на самавызначэнне. Але як яны гэта бачаць? Яны гавораць, што трэба потым, пасля вайны, правесці рэферэндумы. Гэта руская хітрасць. Не — паслядоўнасць трошкі іншая павінна быць. Наша пазіцыя: спачатку — незалежная дзяржава, а потым абмеркаванне іншых пытанняў з Масквой. Мы прапануем абмяркоўваць гэта пытанне: якая будзе Расія, якія будуць яе граніцы, дзе будуць межы Татарстана, Бышкартастана, Інгрыі і іншых рэгіёнаў.

Сырэсь Баляень не бачыць жадання г. зв. добрых рускіх нават абмярковаўваць “новую” Расію ў новых граніцах, без рэгіёнаў, якія пажадаюць выйсці з яе складу.

Яны з такім спачуваннем разважаюць пра дэпартацыі нашых народаў... І ў той жа час параўноўваюць Расію з Амерыкай, дзе таксама карэннае насельніцтва было пазбаўлена зямлі і свабоды. Яны нас называюць “сепаратыстамі” — так жа, як і Пуцін. Больш за тое, нас называюць... саюзнікамі Пуціна. Бо, маўляў, Пуцін гаворыць пра пагрозу распаду Расіі, а мы таксама — за распад. Але на самай справе Пуцін гаворыць пра распад як пра пагрозу. А мы гаворым пра распад як пра акно магчымасцей, надзею для нярускіх народаў Расіі. Г. зв. добрыя рускія нас не падтрымліваюць. Яны толькі гавораць словы... А як кажа мая ўнучка, любоў — гэта справы, а не словы. А ніякіх спраў з іх боку мы не бачым.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Пуцін адкрыў ва Украіне скрыню Пандоры: так і Смаленшчына магла б уз'яднацца з Беларуссю

14.08.2024 17:19
Уладзіслаў Жывіца, былы дэпутат Смаленскай абласной думы, які цяпер жыве ў Варшаве, гуртуе прыхільнікаў самавызначэння Смаленшчыны на аснове беларускай мовы і традыцый Вялікага Княства Літоўскага.

Філіп Брыйка, аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз: Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі можна ўспрымаць як працяг Расіі

24.10.2024 14:27
Філіп Брыйка, аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносін, лічыць, што Лукашэнку можна ўспрымаць як “субпадрадчыка” задач, пастаўленых Крамлём.