Беларуская Служба

Лічба восем, як сімвал электаральнай бясконцасці

06.02.2025 07:12
На думку Ігара Карпенкі, які раней узначальваў Камуністычную Партыю Беларусі, усеагульныя выбары ў краіне проста непатрэбныя! 
Плакат Артура Вакарава на выставе ў ГданьскуБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net//Я. Смялоўская

Трэцяга лютага, паводле нарэшце апублікаваных афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, Цэнтрвыбаркам Беларусі напісаў Аляксандру Лукашэнку 86,82 адсотка галасоў. Таму што гэта прыгожая лічба – і толькі на паўадсотка меншая за тую, якую намалявалі Пуціну ў яго расійскім электаральным спектаклі годам раней. У электаральных сцэнарыях некалі дэмакратычных краінаў, размешчаных на ўсход ад Польшчы, ужо некаторы час існуе адна-адзіная інтрыга: якія канкрэтна лічбы будуць выкарыстоўвацца для пералегітымізацыі нязменных кіраўнікоў дзяржаўных структураў.

Выбары непатрэбныя

Як вядома, па любой лесвіцы можна падымацца – або спускацца, але калі вы выбіраеце рух уніз па нахільнай плоскасці, то спыніць сілу імпульсу складана. Вось прыкладна гэта і адбываецца ў Беларусі. Неўзабаве пасля абвяшчэння фіктыўных вынікаў выбараў старшыня мясцовай ЦВК Ігар Карпенка выступіў на дзяржаўным тэлебачанні ў прапагандысцкім шоў з характэрнай назвай «Нічога прыватнага», анансаваўшы далейшае ўдасканаленне выбарчай сістэмы краіны.

На думку Карпенкі, які раней узначальваў Камуністычную Партыю Беларусі, усеагульныя выбары ў краіне проста непатрэбныя! Таму, лічыць старшыня камісіі, іх трэба замяніць на кітайскі ўзор.

«Я не веру ў гэтую ліберальную дэмакратыю. Я ў яе не веру. На мой погляд, такая сістэма (па кітайскай мадэлі - заўв. рэд.) больш справядлівая ў адносінах да выбаршчыкаў», - сказаў ён.

У Кітаі, як вядома, улады краіны «абіраюцца» на партыйных з'ездах, але на самой справе нават такое галасаванне - простая фармальнасць, бо партфелі размяркоўваюцца зверху.

«Кітаізацыі» Беларусі 

Лушэнкаўскі рэжым ужо стварыў уладны орган для канчатковай «кітаізацыі» краіны. І нават здолеў змяніць Канстытуцыю на традыцыйна сфальсіфікаваным рэферэндуме ў 2022 годзе. Менавіта тады ў Канстытуцыю быў унесены Усебеларускі Народны Сход. Беларуская апазіцыя тады параўноўвала яго з «паралельным парламентам» і прагназавала, што старшынёй гэтага форуму, верагодна, стане сам Лукашэнка. Амаль праз тры гады ўжо зразумела, што яна не памылілася, бо ўсё да гэтага ідзе.

На працягу многіх гадоў беларускі парламент быў выключна марыянетачным органам для прыняцця законаў, ініцыяваных адміністрацыяй Лукашэнкі. У дэпутаты ідуць кандыдаты зацверджаныя ягонай адміністрацыяй, а працэдура парламенцкіх выбараў у краіне - гэта толькі фасад. На апошніх выбарах ні ў адной акрузе не было нават другога туру. Нехта заўсёды абіраўся ў першай, нібыта набіраючы больш за пяцьдзесят адсоткаў галасоў.

Гэтага нават Пуцін не прыдумаў

Між тым механізм абрання дэлегатаў на Усебеларускі Народны Сход, фармальна ўведзены ў Канстытуцыю як найвышэйшы орган улады, яшчэ больш удасканальвае гэтую сістэму. Усе кандыдаты вылучаюцца органамі дзяржаўнай улады і рознымі праўладнымі і праваахоўнымі структурамі. Іх ніхто не выбірае. Гэта азначае, што ў Беларусі будзе кіраваць лукашэнкаўская наменклатура, якая паслухмяна абярэ Лукашэнку сваім кіраўніком пажыццёва, то бок яшчэ прыкладна на 10 гадоў, улічваючы стан здароўя «асвечанага бацькі народу».

У гэтым плане Беларусь з’яўляецца лідэрам, таму што гэтага нават Пуцін не прыдумаў. У Расеі па-ранейшаму захоўваецца бачнасць шматпартыйнасці і імітацыя дэмакратычных працэдур. Хаця гэта прынцыпова не мяняе сутнасці справы - дзве братэрскія сатрапіі смела крочаць уніз па лесвіцы.

На гэтым месцы я паспрабую зрабіць прагноз на наступныя беларускія выбары - калі яны яшчэ адбудуцца. Лукашэнку на іх падтрымаюць 88,88 адсотка выбаршчыкаў пры такой жа яўцы. Бо цяжка ўявіць сабе больш прыгожыя лічбы.

 

З Беларусі для Польскага радыё – Ян Кшыштаф Міхаляк