У Страсбургу завяршылася адкрытае слуханне па пытанні правядзення ў Беларусі парламенцкіх выбараў. Мерапрыемства праходзіла ў межах пасяджэння Камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі, паведамляе „Вясна”.
Удзел у слуханні прынялі беларускія парламентарыі, палітыкі і праваабаронцы. Сярод удзельнікаў намеснік старшыні пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Максім Місько, сябра пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Ганна Канапацкая, прадстаўнік Беларускага нацыянальнага кангрэсу, палітык Уладзімір Някляеў, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Праваабарончы цэнтр „Вясна” прадстаўляе старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі.
Падчас свайго выступу праваабаронца распавёў пра ход выбарчай кампаніі, назіранне за якой ажыццяўляе кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Алесь Бяляцкі адзначыў, што грунтоўных зменаў у правядзенні выбараў у параўнанні з папярэднімі парламенцкімі кампаніямі не заўважаецца.
„У 2016 годзе місія па назіранні БДІАЧ АБСЕ вынесла 32 рэкамендацыі па зменах выбарчага заканадаўства і ўдасканаленні правядзення выбараў. Але цягам таго часу, пакуль ідзе цяперашняя выбарчая кампанія, усё застаецца так як было”, - сказаў праваабаронца.
Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што міжнародныя назіральнікі неаднаразова казалі, што Беларусі патрэбна „комплексная рэформа выбарчай сістэмы ў рамках больш шырокага працэсу дэмакратызацыі”. Але далей абяцанні ўладаў улічыць гэтыя рэкамендацыі справа не пайшла.
Старшыня ПЦ „Вясна” нагадаў, што неўзабаве будуць сфарміраваныя ўчастковыя камісіі. І ёсць вялікая верагоднасць, што яны таксама будуць цалкам кантралявацца выканаўчымі ўладамі. Вялізнай праблемай застаецца ніяк не кантраляванае папярэдняе галасаванне, у якім прымушаюць браць удзел студэнтаў і дзяржаўных служачых, а таксама непразрысты працэс падліку бюлетэняў у дзень выбараў.
Падводзячы вынікі, Алесь Бяляцкі яшчэ раз падкрэсліў, што пакуль не будзе змененае выбарчае заканадаўства, празрыстых і справядлівых выбараў у Беларусі дакладна не будзе.
аз