Беларуская Служба

Студэнты ЕГУ пачалі навучальны год са страйку

02.10.2019 10:02
У страйку ўдзельнічалі каля 50 чалавек. Яны стаялі з плакатамі «ЕГУ — гэта мы», «Дзе нашы выкладчыкі?»
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos /pixabay.com/CC0 Public Domain

Каля дзвюх гадзін 1 кастрычніка цягнулася забастоўка студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Яны пратэставалі супраць дзеянняў універсітэцкай адміністрацыі, паведамляе „Свабода”.

Студэнты патрабавалі: скасаваць узмацненне жорсткасці фінансавых правілаў для студэнтак і студэнтаў, вярнуць беспадстаўна звольненых выкладчыц і выкладчыкаў, зрабіць кадравую палітыку ЕГУ празрыстай, вярнуць вырашальны голас студэнцкай і акадэмічнай супольнасці ва ўсіх органах кіравання, зрабіць выбары ў Сенат ЕГУ адкрытымі і вярнуць яму паўнамоцтвы.

Паводле БелаПАН, у страйку ўдзельнічалі каля 50 чалавек. Яны стаялі з плакатамі «ЕГУ — гэта мы», «Дзе нашы выкладчыкі?», «2 гады хадзіла з заплюшчанымі вачыма, сёння вырашыла прыадкрыць», «ЦАНА/якасць».

«Нашы плакаты бачылі ўсе ўдзельнікі цырымоніі адкрыцця навучальнага года, у тым ліку паслы, члены сэейма Літвы, члены кіруючай рады ЕГУ і іншыя», — сказаў старшыня Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Цімафей Малахоўскі.

Паводле яго, ніхто з адміністрацыі ВНУ да пратэстоўцаў не выйшаў, ва ўніверсітэце гэтым час праходзіла ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага навучальнага года.

Прадстаўнік адміністрацыі ЕГУ казаў Свабодзе 30 верасня, што пра страйк ім не паведамлялі, а публікацыі пра змены фінансавых правілаў «не адпавядаюць рэчаіснасці» (пазыцыю ўніверсітэту апублікавалі тут).

Заявы пра звальненне выкладчыкаў таксама «не адпавядаюць рэчаіснасці», бо ў іх цяпер скончыліся 5-гадовыя кантракты:

«Нарэшце, Стратэгія ЭГУ на 2019–2024 замацоўвае інтэрнацыяналізацыю як адну з асноўных мэтаў, таму і выкладчыцкі склад фармуецца на падставе гэтых крытэраў», — дадаюць у ЭГУ.

Што да кіравання ўніверсітэтам, адміністрацыя адзначае, што ў Сенаце цяпер 16% чальцоў — студэнты, і яны карыстаюцца ўсёй паўнатой правоў. Таксама студэнты ўваходзяць як паўнапраўныя чальцы ў камісіі разгляду спрэчак, акадэмічнай этыкі і іншых.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт стварылі ў 1992 годзе ў Менску. У 2004 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі анулявала ліцэнзію ЕГУ на аказанне адукацыйных паслугаў. З 2005 году ўніверсітэт аднавіў працу ў Літве.

аз