У Беларусі 4 кастрычніка пачынаецца перапіс насельніцтва, які будзе доўжыцца да канца месяца. Гэта ўжо трэці перапіс з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці: папярэднія праводзіліся ў 1999 і 2009 гадах, паведамляе БелаПАН.
Адказаць на пытанні перапісу можна трыма спосабамі. Упершыню з'явілася магчымасць самастойна запоўніць электронную анкету на сайтах перепись.бел і census.by ў перыяд з 4 па 18 кастрычніка і атрымаць сертыфікат аб праходжанні перапісу.
Яшчэ адзін спосаб — прыйсці на стацыянарныя перапісныя ўчасткі з 4 па 30 кастрычніка. Іх адрасы можна знайсці на сайце Белстата.
Да тых, хто не скарыстаўся першымі двума спосабамі, у перыяд з 21 па 30 кастрычніка прыйдуць перапісчыкі, у якіх павінны быць планшэты, адпаведнае пасведчанне і сумка з лагатыпам перапісу.
Як заявіла 30 верасня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” старшыня Белстата Іна Мядзведзева, асноўны прынцып перапісу насельніцтва — „забеспячэнне захаванасці звестак і недаванне канфідэнцыйных звестак іншым трэцім асобам”. „На планшэце ў перапісчыка яны захоўвацца не будуць. Яны адразу будуць шыфравацца і перадавацца на сервер Белстата”, — сказала яна.
Паводле слоў Мядзведзевай, дзякуючы выкарыстанню ІТ-тэхналогій колькасць перапісчыкаў зменшылася з 48 тысяч у 2009 годзе да 12,5 тысячы сёлета, а запаўненне перапіснога ліста будзе займаць 5—10 хвілін замест ранейшых 15—20.
Раней Мядзведзева паведаміла, што доля бюджэтных выдаткаў на перапіс насельніцтва знізіцца з 95% (у 2009 годзе) да 35% за кошт таго, што „праведзеная актыўная праца са спонсарамі і міжнароднымі арганізацыямі”.
Інфармацыю аб выдатках на правядзенне перапісу плануецца апублікаваць у лютым 2020 года, паведаміла Мядзведзева. „Але мы ўжо сёння дакладна бачым і можам сказаць, што гэты перапіс будзе таннейшы за перапіс 2009 года”, — дадала яна.
аз