Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сказаў, што Літва гатова даць Беларусі магчымасці імпартаваць нафту праз Літву, у якасці альтэрнатывы пастаўкам з Расіі, паведамляе „Свабода” са спасылкай на літоўскі партал delfi.lt
Падчас інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу CNN, кіраўнік літоўскай дзяржавы паведаміў, што Літва павінна дапамагчы залежнай ад Расіі Беларусі „захаваць хоць крыху незалежнасці”.
„Напрыклад, можна было б стварыць альтэрнатыўны канал імпартавання нафты праз (літоўскі – РС) порт, паколькі на сённяшні момант яны (Беларусь – РС) цалкам залежаць ад расійскага газаправоду. Яны шукаюць альтэрнатыву. І тут ёсць Літва”. – заявіў Гітанас Наўседа.
Адказваючы на пытанне, як на гэта адрэагуе прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Гітанас Наўседа заявіў: „Не думаю, што ён будзе задаволены, калі гэта пачуе”. І пасля дадаў, што: „Але думаю, што дапамагчы ім гэта наша адказнасць”.
Прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвшам Маравецкім у жніўні, заявіў, што Літва і Польшча думаюць над праектам, які б мог дапамагчы знізіць энергетычную залежнасць Беларусі ад Расіі. Ён таксама сказаў, што думае над магчымай дыверсіфікацыяй энергетычных крыніц Беларусі з выкарыстаннем інфраструктуры Літвы.
Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што Беларусь магла б імпартаваць нафту праз Польшчу і краіны Балтыі, калі з Расіяй не атрымаецца дамовіцца наконт падаткаў.
Аператар тэрмінала па перапрацоўцы нафты і звадкаванага прыроднага газу „Клайпедская нафта”, што належыць Літве, таксама заяўляў што прадпрыемства можа супрацоўнічаць з Беларуссю, калі беларускія ўлады вырашаць імпартаваць нафту праз літоўскі порт. Паводле аператара, на працягу дзесяці гадоў яны ўжо дапамагалі беларускім перапрацоўчым прадпрыемствам не толькі з экспартам нафтапрадуктаў, але і з імпартам сырой нафты.
аз