Беларуская Служба

У Беларусі хочуць дазволіць паляванне на ласёў і аленяў у зоне адчужэння ЧАЭС

04.10.2019 17:21
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік быў арганізаваны ў 1988 годзе ў беларускай частцы зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС.
АленьPhoto: USA-Reiseblogger/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кіраўніцтва Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, арганізаванага на беларускай частцы зямель, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, разглядае магчымасць арганізацыі на сваёй тэрыторыі палявання на ласёў і аленяў, паведаміў журналістам дырэктар запаведніка Міхаіл Рубашчанка.

„Мы займаемся падрыхтоўчай працай, афармленнем дакументаў, падрыхтоўкай біяэканамічнага абгрунтавання”, - заявіў ён.

Паводле Рубашчанкі, запаведнік хоча арганізаваць на сваёй тэрыторыі трафейнае паляванне, калі паляўнічыя плацяць вялікія грошы за магчымасць знішчыць пэўную жывёлу, напрыклад, буйнога і дарослага самца. Прыбыткі ад ліцэнзій на такое паляванне звычайна трацяцца на ўзнаўленне папуляцый жывёл,паведамляе „Наша Ніва”.

Паводле яго, цяпер на тэрыторыі запаведніка жывуць каля 2 тысяч ласёў, крыху больш за 2 тысяч высакародных аленяў, а таксама казулі. Зараз запаведнік рыхтуе дакументацыю на дазвол такога палявання, на думку дырэктара, дакументацыя можа быць гатовая ўжо ў канцы гэтага года.

Па словах дырэктара, мяркуецца, што пасля завяршэння палявання тушы жывёл будуць праходзіць дазіметрычны кантроль, пасля якога будзе ясна, ці можна ўжываць іх у ежу.

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік быў арганізаваны ў 1988 годзе ў беларускай частцы зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі трох найбольш пацярпелых ад аварыі раёнаў Гомельскай вобласці. Плошча запаведніка — 216 тысяч гектараў, на яго тэрыторыі знаходзіцца каля 100 эвакуяваных вёсак, дзе да аварыі жыло звыш 20 тысяч чалавек.

Зараз у запаведніку дазволены арганізаваны турызм — госці могуць не толькі пазнаёміцца з працай вучоных, але і паназіраць за дзікай прыродай, у тым ліку за многімі відамі птушак. Узімку турысты могуць убачыць зуброў, якія выходзяць да кармушак.

аз