Беларуская Служба

Ад 7 да 10 гадоў калоніі: праваабаронцам «Вясны» вынеслі прысуды

03.03.2023 10:18
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі атрымаў 10 гадоў зняволення.
:
Фота:БелТА

Суддзя Марына Запаснік палічыла, што віна праваабаронцаў паводле ч. 4 арт. 228 КК («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 КК («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») цалкам даказаная. Яна прызначыла «вясноўцам» наступныя тэрміны:

Старшыні «Вясны» і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі;

Намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі;

Каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі;

Праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.

9 лютага пракурор Аляксандр Кароль запрасіў пакаранне для праваабаронцаў: ад 9 да 12 гадоў калоніі і буйныя штрафы. Вясноўцы не прызналі сваёй віны. Напярэдадні вынясення прысуду 21 міжнародная праваабарончая арганізацыя выступіла з заявай, у якой патрабавалі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні. За мяжой праходзяць акцыі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі.

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня разглядае суддзя Марына Запаснік. Праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ »Вясна«, а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання». Паводле матэрыялаў справы, «яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ »Вясна«, незарэгістраванага фонду »BY_HELP«, у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года». У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну аплаты штрафаў, аплаты рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, аплаты працы адвакатаў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй Запаснік.

У матэрыялах справы 284 тамы – гэта рэкордная па аб'ёму палітычная справа. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце «Вясны» і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі «Вясны» па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) – незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года.

Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы.

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прадʼяўленыя абвінавачванні. Вось, што думаюць пра гэта палітзняволеныя вясноўцы:

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

«Дзейнасць «Вясны» легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло».

Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Як грамадскае абʼяднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, абʼяднаўшыся ў кампанію».

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу:
«Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, – амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму што гэты артыкул – ч. 2 арт. 342 КК – не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям.

У традыцыях беларускага народу – дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой дабрачыннай дапамогі адзін аднаму – гэта антычалавечна. Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня – яе забаранілі».

ПЦ «Вясна»/нг