Беларуская Служба

Польскі праязны дакумент пацвярджае асобу іншаземца – МУС Польшчы

13.12.2023 20:30
Асаблівую актуальнасць гэтае пытанне набыло пасля таго, як Лукашэнка пазбавіў беларусаў за мяжой магчымасці замяняць пратэрмінаваныя дакументы ў беларускіх консульскіх установах.
Узор вокладкі і першай старонкі польскага праязнога дакументу крыніца: Urząd do Spraw Cudzoziemców /mos.cudzoziemcy.gov.pl

Кіраўнік аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская атрымала афіцыйную інтэрпрэтацыю ад Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, датычную польскага праязнога дакументу.

Згодна з інтэрпрэтацыяй МУС, польскі праязны дакумент для іншаземца з'яўляецца эквівалентам пашпарта, выдадзенага польскім грамадзянам. Гэты дакумент можа служыць не толькі для перасячэння мяжы, але і для пацверджання асобы яго ўладальніка.

Таксама ў сваёй інтэрпрэтацыі МУС адзначыла, што пры падачы заявы на часовы ці пастаянны від на жыхарства, від на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС іншаземец можа падаць дзейсны польскі праязны дакумент, калі ў яго няма магчымасці прадставіць свой беларускі пашпарт ці іншы праязны дакумент.

Цэнтра беларускай салідарнасці паведамляе, што беларусы змогуць карыстацца польскім праязным дакументам у якасці дакумента, які пацвярджае іх асобу:

- у адміністрацыйных органах
- у банках
- пры перасячэнні мяжы
- у іншых выпадках, калі неабходна засведчыць іх асобу

Гэтая інтэрпрэтацыя можа стаць важным аргументам у спрэчных сітуацыях і мае істотнае значэнне для грамадзян Беларусі ў Польшчы. Асаблівую актуальнасць гэтае пытанне набыло пасля таго, як Лукашэнка пазбавіў беларусаў за мяжой магчымасці замяняць пратэрмінаваныя дакументы ў беларускіх консульскіх установах.

Польскі праязны дакумент выдаецца ўладамі Польшчы іншаземцу, калі замежны грамадзянін па розных прычынах не можа мець іншага дакументу.

вс