Асоб, якія незаконна перасеклі ўсходнюю мяжу Польшчы, будуць накіроўваць назад у Беларусь. Пра гэта заявіў у Бруселі намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык (Maciej Duszczyk).
На наступным тыдні польскі ўрад плануе прыняць міграцыйны пакет, які, у прыватнасці, прадугледжвае прыпыненне працэдур прадастаўлення прытулку на ўсходняй мяжы. Прычынай такіх захадаў называецца выкарыстанне мігрантаў як зброі з боку Расіі і Беларусі. Аднак гэта не азначае, што Польшча зусім не будзе прымаць бежанцаў з Беларусі.
Намеснік міністра падкрэсліў, што асобы з так званых уразлівых груп змогуць падаць заяву на прытулак. Да гэтых груп адносяцца цяжарныя жанчыны, дзеці, прадстаўнікі беларускай апазіцыі, асобы, якія падвяргаліся пераследу з боку рэжыму ў Мінску.
- Калі назіраецца масавая спроба перасячэння мяжы, пры гэтым мігранты разбураюць інфраструктуру, знішчаюць элементы памежнага кантролю, у такой сітуацыі Польшча можа адмовіць у падачы заявы на прытулак. У сваю чаргу, асобы з уразлівых груп надалей змогуць такую заяву падаць, але толькі на памежным пераходзе. Калі яны знаходзяцца ў групе людзей, якія паводзяць сябе агрэсіўна, якія нападаюць на польскіх памежнікаў, тады гэтага права яны самі сябе пазбаўляюць. Яны не змогуць падаць заяву, і вернуцца ў Беларусь.
Учора Еўрапейская камісія апублікавала рэкамендацыі па дзеяннях на ўсходняй мяжы і дазволіла Польшчы часова прыпыняць прыём заявак на прытулак у мэтах бяспекі.
IAR/нг