Беларуская Служба

У 10 разоў вырасла чарга легкавікоў на мяжы з Польшчай за выходныя - Памежны камітэт Беларусі

03.03.2025 12:01
Як сцвярджаюць у Памежным камітэце, польскія памежнікі за два дні прынялі на сваю тэрыторыю «33% аўтамабіляў ад нормы».
Беларускі памежнік падчас праверкі аўтатранспарту крыніца: gpk.gov.pl

За выходныя дні чарга легкавога транспарту на ўезд у Польшчу павялічылася больш як у 10 разоў, паведаміла 3 сакавіка прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.

Перад адзіным даступным для легкавых аўтамабіляў польскім пунктам пропуску «Тaрэспаль - Брэст» у чарзе па стане на 10.00 3 сакавіка знаходзіліся 330 легкавікоў. У пятніцу 28 лютага ў гэты ж час (па стане на 10.00) уезду ў Польшчу тут чакалі 30 легкавых аўтамабіляў.

Як сцвярджаюць у Памежным камітэце, польскія памежнікі за два дні прынялі на сваю тэрыторыю «33% аўтамабіляў ад нормы».

Самы загружаны маршрут у Еўрасаюз для грузавога транспарту праходзіць праз літоўскі пункт пропуску «Салечнікі» (з беларускага боку «Беняконі»), адзначаюць у Памежным камітэце Беларусі. З 28 лютага вялікая колькасць фураў, якія чакаюць тут уезду на сумежную тэрыторыю, вырасла з 260 да 300.

У пункце пропуску «Меднікі - Каменны Лог» на літоўска-беларускай мяжы за выходныя чарга павялічылася з 250 да 280 грузавых аўтамабіляў.

Уезду ў Польшчу на памежным пераходзе «Кукурыкі - Казловічы» па стане на 10.00 3 сакавіка чакалі 160 фураў.

У Памежным камітэце Беларусі нагадваюць, што ва ўсіх памежных пунктах пропуску на беларускім баку ёсць магчымасць зарэгістравацца ў сістэме электроннай чаргі для ўезду на іх тэрыторыю.

«Свабода» нагадвае, што на гэты момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў: Казловічы-Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў: «Брэст -Тaрэспаль».

аз

Нелегальных пераходаў беларуска-польскай мяжы стала ўдвая больш, чым летась 

27.02.2025 16:31
Памежная варта Польшчы адзначае, што гэтыя паказчыкі не абавязкова сведчаць пра павелічэнне колькасці мігрантаў на мяжы.