Беларуская Служба

Былыя беларускія сілавікі адкрылі дэтэктыўнае агенцтва ў Варшаве

26.03.2025 14:05
Яе заснавалі былыя беларускія сілавікі і ўдзельнікі ініцыятывы BYPOL Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў.
Аляксандр Азараўкрыніца: Аб'яднаны пераходны кабінет

Польская кампанія «Дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» (Agencja detektywistyczna «Reks») была зарэгістраваная 24 сакавіка 2025 года. Яе заснавалі былыя беларускія сілавікі і ўдзельнікі ініцыятывы BYPOL Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў. Такія дадзеныя змяшчаюцца ў афіцыйным польскім судовым рэестры арганізацый, паведамляе Reform.news. 

Мяркуючы па інфармацыі з рэестру, Азараў з'яўляецца старшынёй праўлення. У кіраўніцтва таксама ўваходзяць Станіслаў Лупаносаў і Таццяна Азарава. 

У дакументах указана, што фірма можа займацца дэтэктыўнымі і ахоўнымі паслугамі, продажам камп'ютараў і праграмнага забеспячэння, інфармацыйнымі паслугамі, паслугамі, звязанымі з кіна- і аўдыёзапісамі, уборкай будынкаў, арэндай рознага абсталявання і тэхнікі, пракатам рэкрэацыйнага інвентару. 

Нагадаем, Азараў узначальваў аб'яднанне сілавікоў Беларусі BYPOL, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі. У чэрвені 2023 года ў арганізацыі адбыўся раскол і частка ўдзельнікаў стварыла альтэрнатыўную структуру BELPOL, а Азараў застаўся кіраваць іншай часткай пад ранейшай назвай. 

Да жніўня 2023 года Азараў з'яўляўся прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету па аднаўленні правапарадку. Каардынацыйная рада не ўзгадніла яго кандыдатуру, і Святлана Ціханоўская адхіліла яго ад пасады. 

У маі 2024 года падпісчыкі чат-бота @plan_peramoga_bot у «Тэлеграме» атрымалі паведамленне з заклікам прыняць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду і галасаваць за спіс «Закон i правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. За гэтую рассылку спіс «Закон i правапарадак» быў адхілены ад выбараў у КР.

вс