Беларуская Служба

Што адбываецца з адзеннем з кантэйнераў Чырвонага крыжа?

29.03.2025 13:39
У ідэальным свеце ўсю вопратку перадалі б  малазабяспечаным грамадзянам. Аднак гэта не так.
 PCK
Кантэйнер PCKкрыніца: www.radioolsztyn.pl

Усе ведаюць кантэйнеры з лагатыпам Польскага Чырвонага крыжа (PCK), але што адбываецца з адзеннем, якое людзі ў іх кідаюць? У ідэальным свеце ўсю вопратку перадалі б  малазабяспечаным грамадзянам. Аднак гэта не так.

 — Толькі ад 4 да 9 працэнтаў тэкстылю прыдатна для ахвяравання тым, хто мае ў гэтым патрэбу, — кажа ў інтэрв'ю Onet.pl старшыня Мазавецкага акруговага аддзела Польскага Чырвонага крыжа Міхал Мікалайчык.

Польскі Чырвоны крыж штогод збірае 60–70 тысяч тон тэкстылю прыкладна з 30 тысяч кантэйнераў і пунктаў па ўсёй Польшчы.

 У 2022 годзе арганізацыя перадала вопратку 166 тысячам чалавек праз Гарадскія цэнтры сацыяльнай дапамогі (поль. MOPS), выцвярэзнікi і прытулкi. Чырвоны Крыж таксама супрацоўнічае з бальніцамі і няўрадавымі арганізацыямі, якія, напрыклад, дапамагаюць людзям, якія імкнуцца выйсці са стану бяздомнасці, вызваляюцца з турмы пасля адбыцця пакарання.

Польскі Чырвоны крыж таксама адчыніў дабрачынны «Dobrosklep», дзе можна ахвяраваць сваё адзенне і іншыя рэчы, а таксама купіць тое, што ахвяравалі іншыя, падтрымліваючы людзей у патрэбе і дзейнасць Чырвонага крыжа.

— Гэта наш тэставы праект, нешта накшталт дабрачынных крам, якія працуюць у Вялікабрытаніі ці ў скандынаўскіх краінах. Гэта месца, дзе, купляючы рэчы, людзі робяць нешта для сябе, а таксама для тых, хто мае патрэбу, і робяць добрае для планеты, — кажа Міхал Мікалайчык.

У «Dobrosklep» можна аддаць адзенне, кнігі, цацкі, біжутэрыю, дробную бытавую тэхніку, посуд і г. д. Частка гэтага перадаецца ва ўстановы, напрыклад, дзіцячыя дамы.

Рэчы, якія ўжо не падыходзяць для раздачы людзям, Польскі Чырвоны крыж перадае, напрыклад, у прытулкі для жывёл.

 — Непрыдатную для ахвяравання вопратку забірае фірма Wtórpol, а ўзамен Польскі Чырвоны крыж атрымлівае грошы за кожны кілаграм тэкстылю. Гэтыя грошы накіроўваюцца на статутную дзейнасць арганізацыі, напрыклад, на даплату на харчаванне дзяцей, дапамогу старым, навучанне першай медыцынскай дапамозе і гэтак далей, —  тлумачыць Міхал Мікалайчык.

Мікалайчык падкрэслівае, што значная частка адзення, якое людзі кідаюць у кантэйнер Польскага Чырвонага крыжа,  не прыдатная для паўторнага выкарыстання людзьмі. Увогуле можна аддаваць нават пашкоджанае адзенне, але не бруднае.

У інтэрв'ю для партала Onet.pl старшыня Мазавецкага аддзялення Польскага Чырвонага крыжа просіць не кідаць у кантэйнеры смецця і мокрага тэкстылю. 

 яс