Пробашч парафіі ксёндз Франц Рудзь падчас Імшы назваў меркаваны тэрмін «рэстаўрацыі» касцёла - паўтара-два гады. Katolik-life нагадвае, што дакладныя планы ўладаў па работах у касцёле невядомыя, але калі яны маштабныя, то сапраўды на гэта патрэбны час. Сродкі могуць закласці ў інвестыцыйную праграму Мінска на наступны год, і толькі тады будзе магчымы пачатак асноўных работ.
Маёмасць, вывезеную з касцёла, складзіравалі ў старым храме ў адной з вёсак у Мінскім раёне. Бібліятэку і частка рэчаў - у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры.
«Лавы і спавядальні, вырабленыя нямецкімі майстрамі, везліся ў свой час з Германіі, а зараз у разабраным стане, бо інакш не вынесеш, нешта недзе паламалася. Органы, інструменты, статуі, іконы, копія Турынскай плашчаніцы - гэта ж святыні, іх вываз - як дрэнны знак... Вельмі балюча і трывожна. Невядома, што будзе з касцёлам, на колькі зацягнецца рэстаўрацыя», - цытуе прыхаджан каталіцкі партал.
Чырвоны касцёл у Мінску зачынены па распараджэнні ўладаў ужо больш за 2,5 гады пад маркай неабходнасці правядзення там рамонту. Прыхаджане не раз заяўлялі, што храм не патрабуе вялікага рамонту і што яны гатовы выканаць яго сваімі сіламі.
Katolik-life/ав