Беларуская Служба

Польшча хоча перацягнуць урачоў з Беларусі

26.10.2019 11:17
Адпаведны законапраект ужо паступіў на разгляд у польскі парламент.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Africa Studio

Міністэрства аховы здароўя Польшчы плануе ўвесці новыя правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Еўрасаюза. У прыватнасці, такім урачам не трэба было б праходзіць настрыфікацыю дыплома. Гэта можа прыцягнуць у Польшчу лекараў, жадаючых тут застацца на пастаянную працу.

У польскай службе аховы здароўя стаіць вострая праблема з недахопам кадраў: лекараў, медсёстраў і парамедыкаў.

Мяркуецца, што дазвол на працу лекарам будзе выдавацца ў канкрэтнай польскай бальніцы пасля праходжання іспыту, які дае ім права на прафесійную дзейнасць у Польшчы.

Для рэалізацыі ініцыятывы трэба ўнесці папраўкі ў Закон аб прафесіях лекара і стаматолага. Праект зменаў ужо паступіў у Сейм Польшчы. Пакуль невядома, калі яго разгледзяць дэпутаты. У праекце гаворыцца пра прыём на працу замежнага ўрача без настрыфікацыі дыплома на максімальны тэрмін да пяці гадоў і ў вызначаную ўстанову аховы здароўя. Канчатковае рашэнне аб працаўладкаванні прымала б Акруговая медычная палата – рэгіянальны орган лекарскага самакіравання.
Паводле спецыялістаў, змяненні датычаць перш за ўсё ўрачоў з Беларусі і Украіны.

У Польшчы ўрачы - адна з прафесійных катэгорый з найлепшымі заробкамі. Зарплаты польскіх лекараў на ўзроўні 3-4 тыс. еўра (у пераводзе са злотых) з'яўляюцца стандартам. 

вс